Віктар Карняенка: Палепшыліся толькі дэкарацыі…
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка распавёў пра адметнасці сёлятняй выбарчай парламенцкай кампаніі.
Віктар Карняенка: У параўнанні з папярэднімі кампаніямі змены назіраюцца толькі ў тым, што ўлады паспрабавалі нейкім чынам выглядаць крыху больш прыстойна, чым раней. Падчас кантактаў з рознымі замежнікамі яны хочуць пераканаць тых, што ў Беларусі ёсць пэўныя дэмакратычныя зрухі. І гэта, на мой погляд, адзінае адрозненне. Таму палітычны клімат можа і палепшыўся (тое ж пытанне палітвязняў ужо не стаіць рубам), але ў цэлым усё застаецца па-ранейшаму.
РР: Ёсць змены ў парадку вядзення агітацыі…
Віктар Карняенка: Так, брутальных перашкодаў няма, хаця раз пораз яны і паўстаюць. Але ж галоўнае, чаго чакалі мы, дык гэта, ці будуць уключэнні прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі ва ўчастковыя камісіі. І тут, калі глядзець на колькасны склад такіх прадстаўнікоў, сітуацыя яшчэ горшая, чым раней. Відавочна, што ўлада не хоча выпускаць з рук выбарчыя механізмы, а абмяжоўваецца нейкімі дэкарацыямі ў выглядзе таго, як і хто будзе стаяць вакол стала. Насамрэч гэта нічога не змяняе. У нашай справаздачы мы ўжо папярэдне ацанілі гэтую кампанію па некалькіх параметрах і нідзе не адзначаем паляпшэння.
РР: Можа адзначым паляпшэнне, калі ўбачым прадстаўнікоў апазіцыі ў парламенце?
Віктар Карняенка: На маю думку, могуць прайсці толькі тыя, на каго ўлада мае кампрамат, і каго яна ўключыць у свой спіс. Але не веру, калі кажуць, што ў некаторых акругах могуць правесці сапраўды празрыстыя і дэмакратычныя выбары. Усё кантралюецца, а фігуры ўлада перасоўвае, як на шахматнай дошцы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя