Віктар Карняенка: Патрэбны не празрыстыя скрыні, а празрыстыя выбары



Каардынатар кампаніі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка ацэньвае ініцыятыву старшыні Цэнтрвыбаркама паставіць на выбарчых участках празрыстыя скрыні.

Віктар Карняенка

Як заявіла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, у дзень прэзідэнцкіх выбараў-2015 у буйных гарадах Беларусі на выбарчых участках павінны стаяць празрыстыя скрыні для галасавння, паведамляе БелаПАН.

“Наш закон не прадугледжвае абавязковай наяўнасці празрыстых скрыняў, яны могуць быць зроблены з любога матэрыялу, – сказала Ярмошына. – Можна падумаць, ад таго, будзе скрыня празрыстай ці не, зменіцца яе змест. Аднак з улікам таго, што гэтае пытанне пастаянна падымаецца, мы паставілі перад мясцовымі ўладамі задачу, каб, па меншай меры, у буйных гарадах у дзень выбараў гэтыя скрыні былі празрыстыя. Гэта робіцца выключна для таго, каб зняць пытанне”.

Віктар Карняенка: Усё гэта працяг імітацыі у бок паляпшэння сітуацыі. Хоць сярод дэмакратычнай грамадскасці на самай справе была такая ўтапічная ідэя дамагацца празрыстых скрыняў. Але ж яны абсалютна нічога не вырашаюць. І тут Ярмошына вельмі правільна сказала. Маўляў, няма розніцы, якія будуць скрыні, галоўнае – іх змест. Беларусі патрэбны не празрыстыя скрыні, а празрыстыя выбары. Ва ўсіх цывілізаваных краінах да выбараў ёсць давер. І не важна, хто іх праводзіць – непалітызаваная выбарчая камісія, як, напрыклад, у Швецыі, ці дзяржаўныя органы. У Беларусі ж няма ва ўлады палітычнай волі змяняць сітуацыю.

РР: Галоўнае на выбарах – празрысты падлік галасоў?

Віктар Карняенка: Так, хоць перадусім ёсць тры важныя чыннікі, якія б сапраўды змянілі выбары. Першы – празрысты падлік галасоў хаця б на ўзроўні камісій. Каб не лічылі стосікі кожны сам па сабе, калі нават сябры камісіі не ведаюць вынікі падліку галасоў адзін у аднаго. Другое – ва ўсіх камісіях павінны быць сябры апазіцыі, якія б кантралявалі гэты падлік. І трэцяе – трэба навесці парадак з датэрміновым галасаваннем, калі яго ўжо нельга адмяніць. А навесці парадак – гэта зрабіць заяўляльны прынцып грамадзяніна, які не можа прыйсці на выбарчы ўчастак ў асноўны дзень галасавання. Няхай чалавек сур’ёзна абгрунтуе, па якой уважлівай нагодзе ён збіраецца галасаваць датэрмінова. Вось тры кіты, на якіх павінны трымацца дэмакратычны выбары. Будзе давер да выбараў – не спатрэбяцца і празрыстыя скрыні.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя