Віктар Карняенка: Скептычна стаўлюся да працэдуры абрання „адзінага”



Сябра АГП Віктар Карняенка выказаў сваё стаўленне да абрання адзінага кандыдата ад апазіцыі.

Віктар Карняенка: Калі браць саму працэдуру вызначэння адзінага кандыдата, то я даволі скептычна стаўлюся да яе. Але, калі сабраліся сур’ёзныя людзі ад большасці дэмакратычных структур, і ім лягла на душу гэтая працэдура, то я, безумоўна, выступаю за адзінства. Гэта заўсёды лепш, чым выступаць паасобку. 2015 год гэта яскрава паказаў.

РР: Што, на Ваш погляд, атрымаецца ў выніку?

Віктар Карняенка: Хочацца верыць, што пры наяўнасці добрай волі працэдура будзе рэалізавана. Тым больш, што іншых стратэгій няма. Усё астатняе – гэта не рабіць нічога. І што б не хавалася за прыгожым словам “байкот”, на самой справе гэта нерэальна. Трэба зыходзіць з папярэдняга досведу, калі таксама казалі пра байкот, але насамрэч з гэтага абсалютна нічога не атрымлівалася.

Было нават, калі некаторыя прадстаўнікі апазіцыі абвяшчалі сваю перамогу, толькі як гэтую перамогу намазаць на лусту? Што рабіць з такой перамогай?

Таму ўвогуле я стаўлюся добра да спробы абраць адзінага кандыдата, але сумняваюся, што ўсё пойдзе так, як трэба.

Калі ўводзіцца норма, што падчас электроннага галасавання галасаваць змогуць толькі тыя, хто затым увойдзе ў ініцыятыўную групу, то, мне падаецца, на гэтым усё і скончыцца. Трэба было б пашыраць кола тых, хто ўдзельнічае ў выбарах „адзінага”, а не варыцца ва ўласным соку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя