Віктар Карняенка: У Еўропе будуць спробы палітычнай рэабілітацыі беларускай улады



Аб тым, як Беларусь у сёняшніх умовах можа садзейнічаць урэгуляванню ўкраінскага крызіса, распавядае палітык Віктар Карняенка.

Віктар Карняенка: Мне падаецца, што Беларусі проста адводзіцца роля пляцоўкі, якую больш-менш нармальна ўспрымаюць два канфліктуючыя бакі. Спадзяванні ў беларускіх уладаў, напэўна, большыя, але наўрад ці будуць мець нейкі ўплыў беларускія кіраўнікі на перамоўны працэс.

РР: Больш нічога афіцыйны Менск не можа зрабіць, каб дапамагчы суседзям у спыненні вайны?

Віктар Карняенка: Лічу, што больш нічога, таму што няма асаблівага аўтарытэту, а менавіта гэта і трэба, каб уплываць на міжнародную палітыку. Гэты аўтарытэт, на маю думку, сапсаваны і перад Пуціным, і перад украінскім кіраўніцтвам. Не займаючы ніякую пазіцыю, складана заваяваць аўтарытэт. Акрамя таго, трэба яшчэ мець і патэнцыял краіны.

РР: Наколькі мае права на жыццё такая гнуткая палітыка “ні нашым, ні вашым”?

Віктар Карняенка: Пэўны час яна прыносіла поспех, але такая палітыка рана ці позна заканчваецца правалам. І трэба гэта мець на ўвазе. Ёсць такая прымаўка: калі хочаш схлусіць, трэба часцей казаць праўду. Таму, калі адзін раз падмануў, другі, трэці, то надыйдзе момант, калі людзям надакучыць успрымаць такую несур’ёзную пазіцыю. Так што палітыка лавіравання паміж Захадам і Усходам не вечная. Іншая справа, што сёння і Захаду, і Усходу не да беларускіх уладаў. Ёсць яшчэ большая відавочная праблема – Расея. Не выключаю, што ў Еўропе будуць спробы палітычнай рэабілітацыі беларускай улады, і я не супраць, каб гэта адбылося. Але ж неабходна, каб і афіцыйны Менск выконваў умовы для збліжэння. І найперш – гэта выбары.

РР: Як сёння Беларусі мінімізаваць уласныя рызыкі ад таго, што адбываецца ў суседніх рэгіёнах?

Віктар Карняенка: Перадусім трэба заняць пэўную пазіцыю. І я хацеў бы, каб гэтая пазіцыя была ў падтрымку Украіны і яе дзеянняў. Трэба больш абачліва паглядзець на расейскія ваенныя базы, якія ў апошні час ляцяць у Беларусь галубамі. Чым гэта заканчваецца? Успомнім Севастопаль. Не трэба забываць і пра ўдзел Беларусі ў АДКБ, бо новыя выклікі прымушаюць задумацца над тым, што адбываецца ў свеце. Думаю, афіцыйны Менск разумее, што адбываецца.

РР: Калі Беларусь адмовіцца ад цеснага супрацоўніцтва з Расеяй (у тым ліку, і ваеннага), хто ж дасць новыя крэдыты?

Віктар Карняенка: Рана ці позна гэтая праблема і так паўстане. Такое ж пытанне стаяла і перад балтыйскімі краінамі, але ж неяк яго вырашалі. Трэба шукаць вырашэнне эканамічных пытанняў ўнутры Беларусі, а не спадзявацца на дармавыя грошы. Напрыклад, у прарасейскім Прыднястроўі гэтая праблема паўстае і сёння. Тым больш, і сама Расея патрапіла ў складаную эканамічную сітуацыю. Хоць, натуральна, гранты для Беларусі будуць паступаць. Але з цягам часу гэта скончыцца. І таму трэба думаць, як праблему вырашаць. Чаму б не правесці нармальныя эканамічныя рэформы, стварыць умовы для інвестараў? Бо спадзявацца на чужыя грошы – гэта пустое. Бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя