Віктар Карняенка: У краіне – агульная апатыя да выбараў



Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты прайшлі палову шляху па зборы подпісаў (збор праводзіцца з 23 ліпеня па 21 жніўня).

Віктар Карняенка

Пра тое, якія ўжо можна зрабіць высновы, распавядае Віктар Карняенка – кіраўнік ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за Анатоля Лябедзьку.

Віктар Карняенка: Прафесійныя зборшчыкі подпісаў, якія займаюцца гэтым пастаянна падчас выбарчых кампаній, кажуць, што ў гэтым годзе збіраць подпісы складаней. Першая перашкода – агульнаграмадская апатыя да выбараў. Многія не звязваюць гэтыя выбары з нейкай сур’ёзнай падзеяй, якая ўплывае на іх жыццё. Тут улада сама заганяе сябе ў кут, і некалі ёй давядзецца за гэта адказваць. Другая выснова – шмат актывістаў адмовіліся працаваць, нічога не сталі рабіць пад сцягам байкоту выбарчай кампаніі. Хоць ніводнага байкотнага мерапрыемства ў краіне да гэтага часу заўважана не было. Гэта проста нейкі канфармізм, які хаваецца за шыльдай байкоту. І трэцюю выснову, якую ўжо можна зрабіць, – гэта тое, што вельмі складана збіраць подпісы на валанцёрскай аснове. Быў выпадак, калі чалавек падыходзіў і казаў: “Я сабраў столькі подпісаў. Хто са мной разлічыцца?” Адказваем: “Ніхто”. Гэта быў адзін выпадак, але мы патлумачылі, што такую традыцыю трэба ламаць, каб змяніць сітуацыю ў краіне. Нешта людзі павінны і самі зрабіць, ахвяруючы сваім часам.

РР: Ці збярэ ваша група 100 тысяч подпісаў?

Віктар Карняенка: Гэта рэальна зрабіць, але свае шанцы ацэньваем, як “пяцьдзесят на пяцьдзесят”. Да таго ж, і спякотлівае надвор’е не спрыяе таму, каб людзі збіралі подпісы ў пікетах цэлы дзень. Мы скарачаем працягласць пікетаў па часу, але засвойваем новыя тэрыторыі і раёны – не толькі ў Менску, але і ў іншых маленькіх гарадках. На выхадныя, напрыклад, вырашылі абазначыцца ў Дзяржынскім раёне. Праўда, дайсці да кожнай вёскі немагчыма, таму што гэта патрабуе шмат рэсурсаў, якіх у нас няма.

Кастусь Заблоцкі, Беларусакае Радыё Рацыя