Віктар Карняенка: Улада ўжо мае план на прэзідэнцкія выбары, апазіцыя – не



“Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына агучыла папярэдні сцэнар прэзідэнцкай кампаніі 2015 году. Сцэнар уладаў прадугледжвае вылучэнне каля дзесяці прэтэндэнтаў, але рэгістрацыю – чацвярых кандыдатаў у прэзідэнты”, – піша «Беларускі партызан». Правілы гульні мяняцца ня будуць. Мяркуючы па лозунгах Ярмошынай, улада ігнаруе рэшткі беларускай апазіцыі. А з чым сама апазіцыя пойдзе на прэзідэнцкую кампанію? Каардынатар кампаніі „За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка адзначае, што ёсць некалькі варыянтаў адказу на гэтае пытанне, і першы з іх – вылучэнне Мікалая Статкевіча:

– Зразумела, што гэта дэманстрацыя пазіцыі салідарнасці з палітвязнем, які за свой удзел у прэзідэнцкай кампаніі трапіў у турму. Фармаванне ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча – гэта як раз ёсць дэманстрацыя таго, што людзі не згодныя з такімі парушэннямі, нават недасканалага беларускага, заканадаўства, і гатовыя падтрымаць не на канапе, а нейкімі дзеяннямі.

Сярод іншых варыянтаў правядзення прэзідэнцкай кампаніі Віктар Карняенка называе байкот, ці ўдзел у выбарах без усялякіх умоваў. Сам палітык лічыць, што апазіцыі неабходна вылучаць адзінага кандыдата. «Але, акрамя Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўсе астатнія палітычныя структуры пакуль абыходзяць гэтую тэму і не вылучаюць са сваіх шэрагаў канкрэтных асобаў. А без гэтага, – адзначае Віктар Карняенка, – выпрацоўка працэдур, кангрэсы і паседжанні не маюць ніякага сэнсу».  Нагадаем, што прэзідэнцкія выбары, хутчэй за ўсё, пройдуць 15 лістапада.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя