Віктар Карняенка: Яшчэ раней трэба было прыняць такое рашэнне…



Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Віктар Карняенка выказаў сваё стаўленне да ініцыятывы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай і яе выключэння з АГП.

Днямі Ганна Канапацкая апублікавала законапраект аб гарантыях былому прэзідэнту Беларусі і яго сям’і. Паводле законапраекту, былога прэзідэнта нельга будзе асудзіць за злачынствы і правапарушэнні, учыненыя ў час прэзідэнцтва. Ён атрымае пажыццёвую пенсію і зможа карыстацца адной з рэзідэнцый.

Праз некалькі дзён пасля гэтага Канапацкая была выключана на палітрадзе з шэрагаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Віктар Карняенка: Асабіста мне ініцыятыва Канапацкай падаецца дзіўнай, недарэчнай і несвоечасовай. Мяркую, ніхто яе да гэтага не падштурхоўваў, бо, калі б кіраўнік Беларусі хацеў бы прыняць такі закон, то і сам бы прыняў. Уладзе зараз наогул ніякі закон не дапаможа, бо яна загнала сябе ў кут.

Таму прапанова Ганны Канапацкай – гэта, напэўна, спроба яшчэ раз выказаць сваю пазіцыю, бо дзяўчыне спадабалася быць у публічнай прасторы.

РР: А як вы паставіліся да выключэння Канапацкай з партыі?

Віктар Карняенка: Мне было відавочна, што яна не зможа заставацца самастойнай, таму падтрымліваю рашэнне палітрады. Мне падаецца, што Ганна насамрэч згубіла сувязь з партыяй. Адзінае, што такое рашэнне, відаць, трэба было прыняць яшчэ раней, каб не мець маральнай адказнасці за ініцыятывы такога кшталту.

На мой погляд, Ганна Канапацкая – не палітык. Перакладваць паперкі ў парламенце – гэта не парламенцкая дзейнасць, бо, калі ты ўжо атрымаў дэпутацкі мандат, прадстаўляеш апазіцыйную партыю, то трэба штодзень задаваць уладзе вострыя пытанні, якіх безліч. А калі ты пераважным чынам маўчыш, то ад такога дэпутата больш шкоды, чым карысці.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота news.vitebsk.cc