Віктар Карняенка: Замарозка стасункаў з Захадам – гэта надоўга
Грамадскі актывіст Віктар Карняенка пракаментаваў факт прыпынення ўдзелу Беларусі ў праграме “Усходняе партнёрства”.
Нагадаем, што МЗС Беларусі паведаміла: краіна прыпыняе свой удзел у ініцыятыве ЕЗ «Усходняе партнёрства», а таксама пачынае рэалізацыю працэдуры прыпынення дзеяння пагаднення аб рэадмісіі з Еўразвязам.
Віктар Карняенка: Я не скажу, што праграма “Усходняе партнёртсва” мела нейкі вялікі ўплыў на развіццё сітуацыі, але ўсё-такі дапамагала наладжваць стасункі паміж Беларуссю і Захадам.
А тое, што зараз Беларусь прыпыняе ўдзел у гэтай праграме, сведчыць пра тое, што краіна, на вялікі жаль, пачынае хавацца за ўсходнюю жалезную завесу.
РР: Ці ёсць у такім выпадку рызыкі для незалежнасці Беларусі?
Віктар Карняенка: Думаю, што ёсць. Сёння Масква кіруе ўсім гэтым балем, а беларускі рэжым сам сябе загнаў у тую пастку, у якой цяпер знаходзіцца. І з якой выйсці, напэўна, ужо не зможа.
І пэўныя сілы дапамагаюць як мага глыбей забрацца ў гэтую пастку. Некалі Алесь Адамовіч назваў антыперабудовачную Беларусь Вандэяй. І гэта насмрэч так. На мой погляд, для беларускага чынавенства Масква – гэта свайго роду салодкая халва, да якой трэба імкнуцца ўсімі сіламі. На жаль, самастойнасць яны не ацанілі і мараць, каб быць пад нечыім кіраўніцтвам.
РР: Ці будуць далей пагаршацца стасункі з Захадам?
Віктар Карняенка: Думаю, што замарозка стасункаў – гэта надоўга. Зараз не будзе больш-менш ліберальных адносін да Беларусі, таму што ўсім зразумела – беларускі рэжым ужо зрабіў выбар паміж Захадам і Усходам.
Тыя гульні, які былі раней, сёння ўжо спынены. Рэжым прадэманстраваў, што ён з сябе ўяўляе, і, мне падаецца, гэта ўсім стала зразумела і ў Еўропе.
Беларускае Радыё Рацыя