Віктар Марчык: Мы самі ведаем, якую краіну нам трэба будаваць
Наш карэспандэнт папрасіў сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл, актывіста грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, сябра Беларускага нацыянальнага кангрэса Віктара Марчыка выказаць сваю ўласную думку пра так званы Усебеларускі народны сход, які адбыўся ў Менску.
Віктар Марчык у прыватнасці сказаў:
– Адбыўся так званы „Усебеларускі народны сход”, які ў народзе ахрысцілі шабашам. Хаця грамадзяне, якія прысутнічалі на сходзе і называлі сябе прадстаўнікамі народа, на самай справе яны ўсе далёкія ад народа. Паміж беларускім народам і прадстаўнікамі сённяшняй улады даўно стварылася вялікая бездань. І з кожным месяцам яна павялічваецца. Ніхто з іх не абіраўся народам і, вядома ж, не мог прадстаўляць нас, яны абралі самі сябе на мясцовых шабашах. Ніякая думкі народа на тым сходзе не ўлічваліся. Хаця не. Бо вынікае з іх выступлення, на якіх было сказана, што на беларускі народ былі ўскладзены еўрапейскія санкцыі, то стала зразумела, што народам Беларусі яны лічаць толькі сябе і падобных на сябе, так як санкцыі накладзены толькі на прыслугаў рэжыму, асоб, якія здзейснілі злачынствы і маюць кашалькі, што фінансуюць рэжым. А сапраўдны беларускі народ, як жыў, так і жыве пад цяжкасцю прыгнятальнікаў гэтага рэжыму, што супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
З кожным новым законам ці дэкрэтам, а таксама нейкімі папраўкамі ў іх, мы бачым узмацняючы прэсінг і карныя меры на грамадзян Беларусі, якія думаюць не так, як тыя, што збіраліся ў Менску на сход. Так што, нічога добрага для большасці нашага народа гэты сход не даў. Аднаго яны не ўлічылі, што ўжо прайшоў той час, калі яны за нас вырашалі наш лёс. Цяпер мы самі і толькі мы будзем вырашаць, якія нам патрэбны законы, і якую краіну для жыцця нам трэба будаваць. І нават іх сілавы рэжым нам ужо не перашкодзіць і нас не стрымае.
Беларускае Радыё Рацыя