Віктар Марчык: Нам такога саюза з Расеяй не трэба
Сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл, Беларускага нацыянальнага кангрэса, актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Віктар Марчык выказаў сваю думку наконт апошніх навін са СМІ, звязаных з той сітуацыяй, якая адбываецца ў Беларусі.
І, найперш, гэта звязана з Расеяй і яе насаджэннем рускага свету: – Наша Беларусь шматнацыянальная краіна. У ёй пражываюць людзі розных нацыянальнасцяў і выравызнанняў. Хто здольны самастойна думаць і параўноўваць факты цудоўна разумеюць, што адбываецца на дадзены момант у краіне, і падтрымліваюць курс перамен, незалежнасці і цэласнасці краіны. Але ёсць катэгорыя расейцаў, якія ў дадзены момант падтрымліваюць сённяшнюю ўладу і насаджаюць нам свой рускі свет. Але ці патрэбен ён нам? Няўжо Амерыка і Еўропа вывезлі трыльёны даляраў з Расеі? Ці можа гэта яны скупляюць нерухомасць у Іспаніі, Францыі і ў іншых цывілізаваных краінах? Не, усё ўкрадзена расейскімі алігархамі ў свайго народа і вывезена за мяжу. Чым далей ад Масквы і Санкт-Пецярбурга тым больш там убачыце сёння жабрацтва і разрухі, не кажучы пра далёкія расейскія глыбінкі, дзе мясцовыя жыхары не хочуць працаваць, абы толькі каб была чарка і скварка. А атрымліваецца, што ў гэтым вінаваты ўвесь цывілізаваны свет?.. Вінавата тая ж Украіна, якая пасля ЗША, займае другое месца па гандлю збожжам… І працягвае працаваць…
Расея з яе тэрыторыяй і шматлікі рэсурсамі павінна забяспечваць жыццёвы ўзровень сваіх грамадзян так, як у Нарвегіі. Жыццё там, дзе ўмовы яшчэ больш суровыя, забяспечана на самым высокім узроўні. Чаму так? А чым ганарыцца сёння Расея з усім сваім прыродным багаццем? Толькі войнамі і захопам тэрыторый іншых краін. І ўсё. Таму не трэба нам насаджаць рускі свет, такога саюза нам не трэба. Расея павінна займаць у свеце дастойнае месца. Вярнуць грошы з замежных банкаў, укласці іх у дабрабыт свайго народа і на развіццё эканомікі, а не на войны. Не трэба сілай пашыраць усюды рускую мову і сваё веданне рускага свету, і тады будуць іх усюды паважаць. Мы не жадаем і не хочам бачыць і чуць бразганне гусеніц расейскіх танкаў і самаходак, шорганне ботаў расейскіх вайскоўцаў. Беларусь маленькая, але гордая краіна, і яна вырашыць свае праблемы сама. Мы пагаджаемся сябраваць, ездзіць адзін да аднаго ў госці на шашлыкі, але жыць асобна ў сваёй любай і незалежнай Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя