Віктар Марчык: Наш адзіны кандыдат – Святлана Ціханоўская
Чым бліжэй выбары ў Беларусі, тым больш Аляксандр Лукашэнка нагнятае сітуацыю ў краіне. Ужо даўно вядома, што народ супраць яго. За 26 гадоў Беларусь шмат страціла, людзі сталі жыць бедна, моладзь пакідае краіну, беларуская мова знішчана, прыватны бізнес амаль ліквідаваны, працы ў краіне і добрых заробкаў няма, толькі ў вертыкальшчыкаў, якія сядзяць у райвыканкамах і нічога не робяць. Таму народ будзе галасаваць за Святлану Ціханоўскую, за новую маладую Беларусь. Пра гэта распавядае слонімец Віктар Марчык – сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл і Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, актывіст «Еўрапейскай Беларусі».
РР: Спадар Віктар, як Вы трапілі ў каманду Святланы Ціханоўскай і сталі яе даверанай асобай?
– Я з’яўляюся актывістам «Еўрапейскай Беларусі», якая заўсёды гатова дапамагаць актыўным людзям, якія змагаюцца з дыктатурай. А сёння ў нас адна мэта – зрабіць нашу шматпакутную краіну па-сапраўднаму вольнай, каб людзі жылі ў ёй і не думалі, як і чым карміць свае сем’і, дзяцей, як аплаціць крэдыты, якія ўзялі пад вялікія працэнты, камунальныя паслугі, і як не трапіць за краты за свае палітычныя погляды. У сувязі з гэтым, мы прапанавалі сваю дапамогу і людзей у якасці давераных асобаў Святлане Ціханоўскай. У гэтым спіску ёсць і маё прозвішча. Але, паклаўшы на вагі ўсе за і супраць, «Еўрапейская Беларусь» вырашыла адклікаць свой спісак пасля размовы са Святланай. Прычыны, я думаю ўсім зразумелыя. Сяргей Ціханоўскі да сённяшніх дзён знаходзіцца за кратамі, і на яго нахабна ціснуць, як пры сталінізме. Але гэта не азначае, што мы знаходзімся па розныя бакі. Не! Як я сказаў, мэты і задачы ў нас адны і тыя ж – змена гэтага рэжыму. І таму мы будзем дапамагаць Святлане ўсім, чым зможам.
РР: Ці будзе пікет Святланы Ціханоўскай у Слоніме?
– Будзе, калі нічога не здарыцца. Пікет плануецца ў Слоніме 1 жніўня ў 19 гадзін на стадыёне «Дынама» на вуліцы Чарняхоўскага. Запрашаем усіх.
РР: Як і чаму, на Вашу думку, адбылося аб’яднанне штабоў Ціханоўскай, Цапкалы і Бабарыкі?
– На маю думку існуе некалькі прычын. Першая, гэта не рэгістрацыя кандыдатамі Бабарыкі і Цапкалы. Другая, гэта фактычна аднолькавыя погляды, мэты і задачы, і вялікае жаданне змяніць архаічную ўладу, якая ўся павісла ў махлярстве і карупцыі.
РР: Што Вы можаце сказаць пра іншых кандыдатур на пасаду прэзідэнта?
– Іншыя кандыдаты, акрамя вядома ж самога Лукашэнкі, ідуць на выбары, як сполеры. На іх звяртаць увагі не трэба. Бо ім намалююць невялікія працэнты, і яны будуць задаволеныя. Магчыма, гэтыя сполеры мараць пра месцы ў лукашэнкаўскім парламенце, але гэта іх мара ніколі не збудзецца. Хаця я ім прапаную зняць свае кандыдатуры і адказацца ад мандата кандыдата. Таму на сённяшні дзень Святлана Ціханоўская застаецца нашым адзіным кандыдатам, за каго Беларусь будзе галасаваць.
РР: Ці нясе змена ўлады пагрозу нашай краіне?
– Не, вядома ж. А вось калі застанецца ва ўладзе гэты рэжым, то наша краіна будзе пад пагрозай страты незалежнасці, паўнейшага развалу эканомікі, рабства і жабрацтва.
РР: Чаму нельга галасаваць датэрмінова?
– Я шмат разоў удзельнічаў у выбарах: і як кандыдат, і як давераная асоба, і як наглядальнік. І магу сказаць на сто працэнтаў, што нашы галасы ніхто не лічыць. А калі члены камісіі і падлічаць правільна, то старшыня камісіі з сакратаром напішуць тыя лічбы, якія ім загадаюць зверху. А наконт датэрміновага галасавання, то тут усё проста. Чым больш людзей загоняць на датэрміновае галасаванне, тым больш галасоў атрымае Лукашэнка. Таму датэрмінова галасаваць нельга.
РР: Як трэба абараняць свае галасы?
– Абараніць свае галасы пры гэтай выбарчай сістэме немагчыма. Ёсць толькі адзін выхад – усім разам падыйсці пасля 20 гадзін на ўчасткі, дзе кожны галасаваў, і чакаць выніковага пратаколу. І калі лічбы пратаколаў не супадаюць з колькасцю прысутных, то гэта сапраўдная фальсіфікацыя, а значыць, здзейснена крымінальная справа. Пасля гэтага людзі павінны сабрацца ў кожным горадзе і пасёлку на цэнтральных плошчах і патрабаваць правільнага падліку галасоў.
РР: Што хочацца пажадаць выбарцам?
– Жыхарам не толькі свайго раёна, але і ўсім беларусам, а таксама сваім знаёмым, сябрам і калегам хачу сказаць, што калі вас задавальняе такое жыццё, жабрацкая зарплата, высокія цэны, хамскія адносіны да людзей з боку вашых начальнікаў, рабская праца і г.д., то сядзіце дома і падтрымлівайце гэты рэжым. Але, калі вам усё гэта надакучыла і вы жадаеце змяніць гэты рэжым і сваё жыццё, то вы абавязаны 9 жніўня пасля 20.00 быць на плошчах каля сваіх райвыканкамаў і патрабаваць ад старшынь раённых выбарчых камісіяў, шчыра агалосіць вынікі падлікаў галасоў. А калі адбудзецца ціха, як было заўсёды, то мы ўсе разам будзем патрабаваць паўторных выбараў. Так, як адбывалася на выбарах раней, ужо не будзе. І гэта даволі сур’ёзная справа. Хай маюць на ўвазе тыя, хто сядзіць на выбарчых участках. Яны нясуць поўную адказнасць за гэтыя выбары. А мы будзем патрабаваць, каб яны прайшлі шчыра.
Беларускае Радыё Рацыя