Віктар Марчык: Ніводнаму слову Лукашэнкі верыць нельга



Збіраць подпісы для рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь сёлета будуць 15 чалавек. Што Вы на гэты конт скажаце? За каго будуць збіраць подпісы сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл? Ці пойдзеце Вы асабіста на выбары? Такія пытанні карэспандэнт задаў сябру Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл, сябру Еўрапейскай Беларусі і Рады БНК Віктару Марчыку.

Вось што адказаў спадар Віктар Марчык:

– Збор подпісаў за любога кандыдата – гэта бессэнсоўная трата часу і сіл. Але гэта асабістая справа кожнага. Хаця гэты мой пункт гледжання падзяляюць усе сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл. Я асабіста адмовіўся ад прапаноў збіраць подпісы за тых кандыдатаў, якіх зарэгістравалі ініцыятыўныя групы. Адмовіўся па дзвюх прычынах. Першая, гэта тое, што я не бачу нікога з іх, хто змог бы павесці за сабой людзей, як лідар апазіцыі, а другая прычына, гэта тое, хто б не быў кандыдатам – ён усё адно прайграе, так як выбараў у нашай краіне даўно няма. У дадзенай сітуацыі я поўнасцю падтрымліваю Мікалая Статкевіча.

Што датычыць асабіста мяне, то я на выбары не пайду, хіба толькі як назіральнік. Такога фарсу і цырка, як сёлета, я яшчэ не бачыў. Мала таго, што ўсё ідзе па старому сцэнарыю, ды яшчэ і па прыдуманых прычынах не рэгіструюць ініцыятыўныя групы рэальна альтэрнатыўным кандыдатам Лукашэнкі. Мяняць уладу Лукашэнкі неабходна, бо за наступны прэзідэнцкі тэрмін ён разваліць яшчэ тое, чаго не паспеў разваліць за мінулыя гады. Ды і мы можам згубіць краіну. Ніводнаму слову Лукашэнкі верыць нельга. Ён кіруе краінай толькі дзеля абагачэння сябе і сваіх сваякоў, астатні народ пераўтварыў у баязлівых і паслухмяных рабоў. Ці ў халуёў, якія выконваюць яго злачынныя загады. Толькі масавы і мірны выхад на вуліцы і плошчы зменіць і пераломіць тую сітуацыю, якая склалася ў Беларусі. Дзеля гэтага мы зараз і працуем з людзьмі, тлумачым, што выбары і ўдзел у ім беларусаў, сітуацыю ў краіне не памяняюць, таму што нашы галасы ніхто не лічыць. Дык якія могуць быць выбары?!

Беларускае Радыё Рацыя