Віктар Марчык: Ціханоўскай неабходна прымаць больш рашучыя меры



24 лютага беларускім пратэстам супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў споўнілася 200 дзён. “Як Вы ацэньваеце гэты перыяд?” – такое пытанне наш карэспандэнт задаў сябру Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл, актывісту грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, сябру Беларускага нацыянальнага кангрэса Віктару Марчыку.

На гэта пытанне Віктар Марчык адказаў так:

– Ацэньваю станоўча і адмоўна. Станоўча тое, што нарэшце беларускі народ прачнуўся і зразумеў, хто 26 гадоў кіраваў нашай краінай. Маскі ўжо сарваныя і рэжыму сёння няма ўжо сэнсу хаваць свой сапраўдны твар. Большасць беларускага народа сказала свае словы:”Сыходзь!”. “Надакучыў!”. “Ты прайграў!”. Але ён не хоча сыходзіць, бо вельмі добранька і цёпленька жывецца пры ўладзе…    

З адмоўнага боку адзначу, што мірныя пратэсты не далі неабходных вынікаў. Кветачкі, балонікі і плакаты не дапамаглі супраць дубінак, аўтазакаў, гранат… Барацьба са злым духам была няроўнай. Таму тысячы людзей былі збітыя, пакалечаныя, пасаджаныя ў турмы ці проста пакінулі краіну. Я сам адношуся да старой апазіцыі, таму хачу сказаць шчыра: Святлане Ціханоўскай неабходна прыглядзецца да сваіх людзей, бо, адчуваю, што і сярод іх ёсць адна паршывая авечка, якая шкодзіць у барацьбе з рэжымам. Таму менш выконваць іх прапановы, а самастойна прымаць самыя рашучыя меры супраць дыктатуры і дзейнічаць. Інакш яе Сяргей і іншыя арыштаваныя людзі, яшчэ доўга будуць сядзець у турмах Беларусі, яшчэ доўга злачынны рэжым будзе здзеквацца над краінай і яе грамадзянамі. А гэтага ўжо ніхто не хоча.

Беларускае Радыё Рацыя