Віктар Марціновіч: Беларусам асцерагацца блакавання Telegram пакуль не варта



У Расеі было прынятае рашэнне неадкладна заблакаваць Telegram пасля таго, як мэсенджар адмовіўся даць ФСБ Расеі ключы шыфравання ад перапіскі карыстальнікаў, спаслаўшыся на гарантаваную Канстытуцыяй таямніцу перапіскі.

Беларускія карыстальнікі скардзяцца на праблемы з мэсенджарам, аднак беларусам асцерагацца блакавання Telegram пакуль не варта, адзначае Віктар Марціновіч, беларускі публіцыст, журналіст, мастацтвазанаўца, пісьменнік: 

– Мне здаецца, што ў Беларусі свая стратэгія кантралявання інтэрнэту. І кантроль над Telegram у гэтую стратэгію не ўкладаецца. У іх свае ворагі. Лакальная расейская шыза, я нават не ўпэўнены, што тут Пуцін з’яўляецца ініцыятарам. Праз нейкі час нешта будзе адкручана назад, бо занадта па-дзікунску гэта ўсё выглядае.

Жаданне кантраляваць распаўсюд інфармацыі ў Расеі, завастрэнне канфлікту Расеі з захадам і ЗША, які аўтаматам кладзецца на Беларусь, – гэта новы свет, у якім мы жывем, – дадае Віктар Марціновіч:

– Пакуль беларускі бок актыўна і яўна паказвае, што ён ні ў чыім акопе, што ў яго свой акопчык, абодва бакі маюць схільнасць трактаваць гэтую нейтральную пазіцыю, як пазіцыю варожую. І мы па змаўчанні знаходзімся ў расейскім акопу. У якім мы дэ-факта не сядзім. Мы ўжо фактычна ўспрымаемся як хаўруснік Расеі. І будзем успрымацца да тых часоў, пакуль нешта не зменіцца з усімі наступствамі знешнепалітычнымі. 

Для страляніны патрэбны цір, адзначае Віктар Марціновіч. Тэрыторыя, якая добра прастрэльваецца і на якой бакі б маглі вынішчаць адзін аднаго, а заадно і мірных жыхароў, якія падвернуцца пад кулі.

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя