Віктар Марціновіч: Расея ідзе па беларускай сцежцы
Беларускі пісьменнік — пра вяртанне ў Расею Аляксея Навальнага.
Юлія і Аляксей Навальныя ў самалёце, перад рэйсам у Маскву
Я не з тых, хто думае, што Навальны нас чамусьці мог навучыць, піша Віктар Марціновіч на budzma.by.
Гераізм Навальнага для мяне не большы за гераізм Бабарыкі, які ішоў у прэзідэнты, дакладна ведаючы, што яго закрыюць. І пры тым меў што страчваць.
Ці гераізм Ціханоўскай, якая вылучалася проста таму, што яе мужа ўжо закрылі.
Але пры гэтым я ўсведамляю, што падзеі ў Шарамецьеве будуць мець велізарныя геапалітычныя наступствы.
Якія закрануць і нашу краіну.
Навальны стаў Навальным толькі таму, што Пуцін — былы падпалкоўнік КДБ СССР — праз ўласны форс і пыху не дазваляў сабе з апанентамі паводзіцца гэтаксама прымітыўна, як гэта было прынята ў нашых бээсэсэрах.
У нас Навальнага змясцілі б у астрог яшчэ пасля першага грунтоўнага даследавання ФБК. І закрылі б на дзясятку, не дапускалі б адвакатаў, прыбралі б з жыцця і інфармацыйнага поля.
Уласна, у гэтым быў нейкі шарм, прыкмета «бальшога стылю» — Навальны не чапляў наўпрост Пуціна, крытыкуючы яго атачэнне, Пуцін не прыбіраў Навальнага.
Гісторыя з вяртаннем — гэта імклівы даўнгрэйд расійскіх рэалій да Беларусі-2020.
Тая ж нерашучасць.
Тая ж спроба спачатку заплюшчыць вочы, потым «усіх павязаць» і нарэшце — проста і тупа арыштаваць самога Навальнага. Рэйс з Берліна можна было адразу накіраваць з Унукава на які-небудзь нікому не вядомы аэрадром. Але ж не, вагаліся, узважвалі. Самалёт кружляў над Масквой, час ішоў, колькасць людзей, якія сачылі за прыгодамі борта кампаніі «Перамога» на «Дажджы», за гадзіну ваганняў вырасла з 220 да 400 тысяч.
Кожную хвіліну чакання палітычная вага Навальнага павышалася.
І было адчуванне, што калі прыбіраюць прыхільнікаў, не выпускаюць людзей на машынах з Унукава — дык, мабыць, дадуць выйсці ў горад. Але скончылася гэта абсалютна па-беларуску: затрыманнем і ноччу ў Хімках, без допуску абаронцаў.
І зараз Расеі трэба будзе далей прайсці па сцяжынцы, што ўсе гэтыя гады працярэблівала Беларусь.
Трэба будзе выйсці з Рады Еўропы.
Бо толькі тады яна здолее не звяртаць увагі на Еўрапейскі суд па правах чалавека, які Навальнага па справе «Іў Рашэ» апраўдаў. Трэба будзе згарнуць прадстаўніцтва ў міжнародных структурах, якія па Навальным не проста «заклапочанасць» будуць выказваць, але ўласныя юрыдычныя рашэнні прапаноўваць. І патрабаваць іх выканання.
Мы былі ў гэтым пункце ў 1997 годзе. Менавіта тады, пасля палітычнага крызісу 1996-га, ПАРЭ прыпыніла дзеянне статусу спецыяльна запрошанага для Беларусі.
І праз гэта любыя парушэнні правоў і працэдур у нашай краіне не падуладныя нікому, акрамя тутэйшых уладаў. Да таго ж цяпер давядзецца прыйсці і Расеі.
Расея пасля гэтага скандальнага затрымання зойме тое месца ў еўрапейскім парадку дня, якое дагэтуль займала наша краіна.
Але не толькі вонкавыя наступствы тут прынцыповыя.
Як я казаў раней, 2021 год стане вельмі «гарачым» для нашай суседкі. І пачнецца ўсё не ў верасні, калі адбудуцца думскія выбары. Пачнецца ўсё раней.
Ды што там, усё ўжо пачынаецца.
Затрыманне зрабілася тым самым трыгерам, якім — як нехта ў Крамлі баяўся — ніколі б не зрабілася вяртанне Навальнага само па сабе.
Пратэсных акцый пакуль не анансавалі, але яны будуць.
І, гледзячы па тым уздыме, які ўначы панаваў у Маскве, гэта будуць зусім новыя па памерах акцыі.
Расейскай паліцыі давядзецца і тут прайсці па беларускай сцежцы. Не дарэмна ж учора ва Унукаве крычалі «Фашысты!» і спявалі «Перамен». І так, там пакуль ніхто не страляў па натоўпе гумовымі кулямі, але спарадычныя затрыманні «ні за што» ўжо былі. Далей трэба будзе авалодаць майстэрствам выбудовы судовага канвеера — бо як без яго асуджаць тых, каго затрымалі «ні за што»?
Гэта вымусіць Пуціна зусім па-іншаму ставіцца да беларускіх раскладаў. І калі яшчэ ў Сочы ён мог настойваць на кампрамісе, рэформах і вырашэнні супярэчнасцяў праз дыялог, дык цяпер ён як дарадца проста пазбаўляецца голасу. На любую заўвагу можна будзе казаць «на сябе паглядзі».
У выніку гэта прывядзе да выбудовы «інтэрнацыяналу контррэвалюцыянераў». Я б нават не выключаў вяртання былых эканамічных нішцякоў, бо гэта натуральна — дапамагаць сістэме, якую ненавідзяць гэтаксама, як тваю ўласную. Але перад гэтым Расію захлыне — можа, нават з’явіцца адчуванне, што Ланцэлот абавязкова пераможа Дракона, «трэба толькі падціснуць яшчэ».
Дзе, у якім свеце, мы акажамся ў канцы 2021 года, уявіць цяжка. Відавочна, што дазволенае маленькай краіне ніхто не будзе прабачаць велізарнай дзяржаве з ядзернай зброяй. Відавочна таксама, што Байдэн — не Трамп.
Мы ўвесь 2020 год адчувалі сабе героямі, за дзеяннямі якіх сочаць у Расеі. Прыйшоў час памяняцца ролямі.