Віктар Сазонаў: Еўрапейскія чыноўнікі мусяць ведаць сітуацыю ў Беларусі
“Беларусь пагадзілася аднавіць дыялог па правах чалавека”, – пра гэта паведаміла кіраўніца дэлегацыі Еўразвязу ў Беларусі Майра Мора. Паводле яе, гэта можа адбыцца ўжо сёлета. На думку сябра Праваабарончага цэнтру “Вясна” Віктара Сазонава, каб весці дыялог з беларускімі ўладамі, неабходна добра ведаць умовы краіны, у якой цяпер фактычна кіруе дыктатура:
– Акрамя памкненняў мусіць быць яшчэ і моцная кампетэнтнасць і веданне сітуацыі. Чаму я шаную такіх людзей як Марцін Угла, таму што яны ведаюць, што ў Беларусі ўвогуле робіцца, што там зараз адбываецца. Таму ўлады іх і не пускаюць. Таму вельмі хацелася б, каб і іншыя, не толькі праваабаронцы, а і палітыкі, і чыноўнікі, якія маюць дачыненні з Беларуссю, хоць трошачкі вывучылі сітуацыю.
На мінулым тыдні шведскія праваабаронцы выступілі з патрабаваннем адклікаць Майру Мору з Беларусі, паколькі лічаць, што яна не прытрымліваецца афіцыйнай палітыкі Еўразвязу.
Нядаўна Мора пахваліла Лукашэнку за ягонае ўменне “камунікаваць з народам”, і пры гэтым не агучыла афіцыйныя патрабаванні Еўропы па вызваленні ўсіх палітычных вязняў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя