Віктар Сазонаў: Гэтыя выбары – адныя з самых пасіўных



Гарадзенскі актывіст Віктар Сазонаў, які з’яўляецца доўгатэрміновым назіральнікам на мясцовых выбарах, лічыць, што асаблівасцю гэтай кампаніі з’яўляецца пасіўнасць усіх палітычных партый і арганізацый, што ўдзельнічаюць ў палітычным працэсе.

Кажа Віктар Сазонаў:

– З кожнымі выбарамі  ўсё большая пасіўнасць грамадзянаў, усё большая пасіўнасць патэнцыйных удзельнікаў, такіх як палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, апазіцыйныя структуры. З кожнымі выбарамі ўсё меньш людей хочуць у іх удзельнічаць. І зараз не толькі мала вылучылася жадаючых ісці ў дэпутаты, але мы бачым і вельмі малаколькасныя ініцыятыўныя групы ўсіх кандыдатаў.

Па словах Віктара Сазонава, нават на этапе рэгістрацыі кандыдатаў назіральнікі сутыкаюцца  з праблемамі выканання сваіх абавязкаў:

– Мы падалі лісты ў камісіі, каб нам дазволілі прысутнічаць пры праверцы подпісаў. Ужо вядома, што нам адмоўлена. Сказалі, што ў абавязках і правах назіральніка не пазначана такая функцыя, каб ён прысутнічаў пры праверцы подпісаў.

На думку назіральніка, самыя цікавыя падзеі на гэтых мясцовых выбарах будуць адбывацца пасля 18 студзеня, калі пачнецца працэс агітацыі за кандыдатаў. Тады ўжо стане вядома ці будзе канкурэнцыя паміж кандыдатамі у дэпутаты.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня