Віктар Сазонаў: Мы не чакалі такой актыўнасці
За гарадзенскімі зборамі подпісаў назіраюць праваабаронцы з кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Сваімі ўражаннямі дзеліцца гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў:
– Актыўнасць такая, якую ніхто не мог прадказаць. Мы бачым настолькі вялікі ўздым актыўнасці грамадства па ўсёй Беларусі і ў Гародні таксама, што людзі ўсё больш і больш прыходзяць і падпісваюцца.
Віктар Сазонаў падкрэслівае, што на пікетах па зборы подпісаў становіцца больш і больш людзей з нацыянальнай сімволікай:
– Нягледзячы на тое, што многія людзі затрыманыя, што ўзбуджаная крымінальная справа, людзі ідуць і ідуць. І што самае галоўнае, мы ўсё больш назіраем сімволікі. Калі людзі напачатку не хацелі нікога дражніць, прыходзілі толькі падпісвацца, але ўбачыўшы ціск уладаў, людзі паказваюць свае палітычныя прыярытэты. І ўжо мы бачым, што з’яўляюцца бел-чырвона-белыя сцягі.
Чарга расцягнулася на некалькі соцень метраў, і людзям прыйдзецца стаяць па некалькі гадзін, каб падпісацца за прэтэндэнтаў у кандыдаты выбарчай гонкі 2020.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня