Віктар Сазонаў: Пасыл улады грамадству адпраўлены – рыпацца не трэба!
Значная частка грамадзянаў Беларусі актыўна ўдзельнічае ў падпісной кампаніі ў падтрымку прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Каларыстыку палітычных падзеяў ацэньвае „Госць Рацыі” – гарадзенскі назіральнік за выбарчым працэсам Віктар Сазонаў.
РР: Мы гутарым у час, калі ідзе падпісная кампанія ў Беларусі. У Гародні ўжо шэсць ініцыятыўных груп ад шасці прэтэндэнтаў засведчылі сваю прысутнасць. Многія гарадзенцы сталі сведкамі драматычных падзей падчас збору подпісаў. Як на Ваш погляд, ці прайшлі ўлады экзамен па захаванні правоў грамадзян, каб можна было Вам, як назіральніку, пазней даць станоўчую ацэнку?
Віктар Сазонаў: Нашыя ўлады даўным-даўно не прайшлі гэтыя іспыты па захаванні правоў грамадзян. І чакаць у гэтую выбарчую кампанію ад іх чагосьці новага не даводзіцца. Наадварот, мы ўбачылі той самы сцэнар. У залежнасці ад таго, як рэагуе грамадства, улада пачынае тую ж сілу прымяняць, якая неабходная для таго, каб гэтае рэагаванне суцішыць. Як мы бачым, падзеі, якія адбыліся ў Гародні, і яны адбываліся не проста адзін дзень, як нам было пададзена, што зрабілася патасоўка і нехта пацярпеў. Мы ж бачым, што на гэтым не скончылася. Працягваюцца па ўсёй краіне пераследы, шукаюцца людзі, робяцца ператрусы, затрыманні. І таму гэта чарговае пацверджанне таго, што ўлада не збіраецца сыходзіць. І ўся прэса нават перадрукавала артыкул, што ў нас не будзе ніякага беспарадку, будзе стабільнасць. Кіраўнік краіны сказаў, што не будзе ніякіх “майданаў”. Пасыл грамадству адпраўлены – рыпацца не трэба, усё застанецца як ёсць.
Працягваецца лінгвацыд і дыскрымінацыя беларускай мовы ў палітычнай сферы. Сайт ЦВК інфармуе грамадзян Беларусі пра бягучыя выбары толькі на расейскай мове, а на беларускамоўнай версіі сайта нават няма рубрыкі «Выбары-2020» з навінамі па-беларуску. Абураныя гэтым беззаконнем праваабаронцы даслалі скаргу ў ЦВК і атрымалі цынічны адказ:
– Няма ніякай логікі, ніякай павагі да мовы тытульнай нацыі, да дзяржаваўтваральнай мовы. Бо тытульная нацыя дзяржаваўтваральная ёсць. І ЦВК нам адказала, што рубрыкі па-беларуску няма, бо справаводства вядзецца па-расейску. Гэта ўжо ўвогуле не ўкладваецца ні ў якія рамкі! У іх ёсць які больш-менш лагічны юрыст, які скажа, што так нельга?! Тым не менш, беларуская мова, як яе не ціснуць, яна становіцца мовай эліты. Людзі, якія хочуць аднаўлення Беларусі, якія змагаюцца за гэта, яны ўсе вывучаюць беларускую мову. Паміж сабой гавораць па-беларуску. А людзі, скажам, кандыдаты, якія аб’яўляюць сябе незалежнымі і так далей, якія не гавораць па-беларуску, не выступаюць да беларускага народа з такім пасылам, што будучыня ваша – гэта будучыня беларуская, а гэта значыць – гаварыць па-беларуску да гэтых людзей. І гэта пасыл ад кандыдатаў да грамадства – вось якой будзе ваша будучыня. Мова – гэта найвышэйшы сімвал, а светам кіруюць сімвалы. Вось з якім сімвалам кандыдат выходзіць да грамадства. Гэта не азначае, што яму сёння больш карысна, што менш карысна. Гэта азначае, што ён паказвае – дзяржаўнік ён ці не. Думае ён пра будучыню Беларусі ці не. І ўвогуле, ці з’яўляецца ён культурным чалавекам. Тут уступае ў сілу галоўны крытэр, каторы тлумачыць – каб быць культурным чалавекам, ведаць нацыянальную мову гэтага замала. Трэба яшчэ ведаць значна больш чаго. А вось каб не быць культурным чалавекам, то дастаткова не ведаць нацыянальнай мовы. І ты ўжо не культурны чалавек.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня