Віктар Сазонаў: Тэма незалежнасці ізноў стала прадметам гандлю



Наяўнасць палітычных вязняў у час прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, рэпрэсіўныя меры да грамадзянаў у абыход закону – будуць мець наступствы ў вонкавапалітычнай сферы і яны ўжо ёсць. Заявы праваабарончай супольнасці краіны, міжнародных арганізацыяў, у тым ліку і Аб’яднаных Нацыяў пададзены ў час, калі геапалітычны ківач хіснуўся не на карысць рэжыму.

Кажа Віктар Сазонаў, прадстаўнік кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”:

– На пачатку, калі гэты рэжым падтрымліваўся напоўніцу з Масквы, калі атрымліваў адтуль усялякія дывідэнды, каб існаваць, выганяць можна было і амбасадараў, і не звяртаць увагу на заявы. Прыйшоў час расплачвацца. Тыя, хто даваў дывідэнды, хоча нейкую за гэта адплату.

Небяспека страты нацыянальнай і дзяржаўнай незалежнасці Беларусі ў час выбараў вельмі актуальная. Бо рэжым Лукашэнкі за дзесяцігоддзі свайго панавання зачысціў  у медыях тэму нацыянальных каштоўнасцяў, замяніўшы іх найніжэйшымі патрэбамі чалавека. Актуальныя прэтэндэнты таксама ў гэтым не адрозніваюцца ў выказваннях ад існага правіцеля. Кажа Віктар Сазонаў:

– Не чуваць гэтых жорсткіх і моцных пазіцый. Мажліва, гэту тэму не закранаюць свядома, каб не ўзлаваць нейкіх суседзяў, каб не наклікаць на сябе нейкую бяду з боку больш моцнага усходняга суседа. А гэта азначае, што зноў гэта тэма становіцца прадметам гандлю. А гэта тэма не можа быць прадметам гандлю ні для аднога.

Між тым, праваабаронцы Беларусі патрабуюць ад ўладаў выконваць міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, права на выказванне і меркаванне, права на мірныя сходы, а таксама выбіраць і быць выбраным на свабодных выбарах. Усе гэтыя прынятыя Беларуссю прынцыпы цяпер знаходзяцца пад пагрозай.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня