Віктар Шэндэровіч: Пуцін вядзе Расею да распаду



За апошні год рэйтынг Пуціна ў Расеі хоць і знізіўся на 10%, але дагэтуль застаецца высокім – каля 73%.  Пра гэта сведчаць дадзеныя апытанняў «Левада-цэнтру». Пра тое, ці можна давяраць гэтым звесткам, і ці магчымыя змены ў Расеі пры такой высокай падтрымцы Крамля, у інтэрв’ю для Радыё Рацыя распавёў Віктар Шэндэровіч – расейскі пісьменнік-сатырык, аўтар культавай перадачы «Лялькі» на тэлеканале НТВ, якая была закрытая ўладамі.

Виктор-Шендерович

Фота: szona.org

РР: Спадар Віктар, Амаль 20 гадоў мінула з таго часу, як Аляксандр Лукашэнка канчаткова ўсталяваў сваю дыктатуру. Вы тады яшчэ працавалі на НТВ. Думалі, што такое будзе магчыма ў Расеі?

Віктар Шэндэровіч: Вы ведаеце, небяспека была, мы ўвесь час адлічвалі сябе ад Беларусі, і доўгі час адлічвалі на плюсавую карысць для Расеі. Мы бачылі небяспеку вяртання менавіта ў савок. Таму што, тое што сёння ў Расеі — гэта не савок, але мы баяліся саўка, і вяртанне да савецкіх стандартаў для нас сімвалізаваў Лукашэнка. І выбары 1996 года, і тое, што было пазней, стары Ельцын, ідэя аб’яднання дзяржаваў, якую прасоўвалі менавіта камуністы, было відавочна, што гаворка ідзе пра Лукашэнку. Лукашэнка вельмі разлічваў на гэтую гісторыю. Мы баяліся вяртання ў савок, але тое што адбылося з Расеяй, гэта не савок, гэта, на жаль, значна больш відавочныя аналагі – гэта Нямеччына пачатку 1930-х гадоў.

РР: Настолькі ўсё дрэнна.

Справа не ў тым, што настолькі дрэнна, справа ў тым, што гэта іншае. Лукашэнка ідзе назад у сэнсе гісторыі, ён вярнуў, замарозіў, затынкаваў Беларусь у застойным рэпрэсіўным саўку, а Пуцін накіраваўся ў бок імперскага мышлення, у бок імперскай будучыні, і гэта, у пэўным сэнсе, больш небяспечна.

РР: Цяпер, калі мы глядзім на рэйтынгі падтрымкі Пуціна, нядаўна была навіна, што падтрымка ўпала на 10%. Але ўсё роўна гэты адсотак застаецца вельмі высокім, напэўна, мала ў якіх краінах такое ёсць. Як гэта магчыма? Цяпер жа эпоха інтэрнэту, і нават калі няма свабоднага тэлебачання, кожны ж можа здабыць інфармацыю?

Да магчымасцяў чалавека дадаецца патрэбнасць. Чалавек на 90 з лішкам адсоткаў усё ж такі мае жывёльныя патрэбнасці, і гэта абсалютна нармальна. Кожны чалавек мае патрэбнасць здабыць сабе піццё, начлег, сексуальныя рэфлексы. Ёсць патрэбнасці, якія ёсць самі па сабе, рэфлексы. Здабыццё інфармацыі не з’яўляецца рэфлексам. Гэта як мыццё рук, чытанне кнігі і шмат чаго іншага. Для таго, каб з’явілася патрэбнасць, яе трэба выпрацаваць. У дзіцяці выпрацоўваюць гэтую патрэбнасць. Таму інтэрнэт — ніякая не замена свабодным СМІ. Сродкі масавай інфармацыі, акурат масавай, выхоўваюць гэтую патрэбнасць, гэта доўгі працэс, які Еўропа праходзіла некалькі стагоддзяў. Расея ідзе ў адваротным накірунку. Таму існуе дзве Расеі — тая, якая атрымлівае інфармацыю з тэлевізара, бо для гэтага не трэба ніякіх намаганняў, гэта табе ўкладаюць у галаву, уліваюць, і тая, якая здабывае інфармацыю. Гэта дзве Расеі, з дзвюма рознымі ўявамі пра будучыню.

РР: Наколькі Вы верыце гэтым лічбам падтрымкі, наколькі можна давяраць лічбам сацапытанняў у аўтарытарным рэжыме?

Віктар Шэндэровіч: Трэба дамовіцца пра значэнне словаў. Вядома, рэйтынгаў у еўрапейскім сэнсе ў аўтарытарнай краіне не існуе. У задачу сумленнага сацыёлага ўваходзіць не толькі фіксаванне адказу, але і расшыфроўка сітуацыі. Зразумела,  у аўтарытарнай і тым больш таталітарнай дзяржаве высокі рэйтынг галавы дзяржавы – гэта рэйтынг страху, звычкі, адчаю, абыякавасці, рэйтынг слепаты. Гэта зусім  не тое, што высокі рэйтынг у дэмакратычнай дзяржаве.

РР: Так ці інакш, большасць расейцаў падтрымлівае Пуціна. Вы лічаце, што пры такіх высокіх лічбах магчымы змены ў Расеі?

Віктар Шэндэровіч: Змены не проста магчымы, яны незваротныя, бо ўсё змяняецца. Пытанне ў тым, як і калі. Галоўным чынам, як. Таму што «калі», гэта ўжо другое пытанне. Пытанне, як. Там, дзе ёсць зваротная сувязь, дзе ёсць выбары, усё мяняецца з дапамогай гэтай зваротнай сувязі. Там, дзе няма зваротнай сувязі, як мы ведаем, мы бачым, на нашых вачах у апошнія некалькі гадоў памянялася некалькі аўтарытарных рэжымаў. Гэта заўсёды абвал, у дыяпазоне ад Чаўшэску і Мілошавіча да Кадафі і Мубарака. Дыяпазон абвалу таталітарнага рэжыму. Ніводнага эвалюцыйнага выйсця з сітуацыі мы не бачым. Апазіцыя за доўгія гады аўтарытарызму разбэшчана і дэградавала гэтаксама як і ўлада, паўсюль. Першая апазіцыя Кадафі былі выпускнікамі Сарбоны. І я думаю, што Кадафі пашкадаваў пра тое, што ён іх знішчыў, калі з ім здарылася тое, што здарылася.

РР: То бок, калі ўлада адсякае эвалюцыйны шлях, то будзе толькі жорсткі канец?

Вядома. І гэта ў любым выпадку не эвалюцыйны, у рознай ступені. У дыяпазоне ад хваляванняў, рэвалюцыі да палацавых пераваротаў. Аніводзін з гэтых варыянтаў не з’яўляецца еўрапейскім і легітымным.

РР: Калі ў Савецкім Саюзе пачаліся дэмакратычныя змены, імперыя пачала распадацца па нацыянальных швах. На Вашу думку, калі ў Расеі ўсё ж такі прыйдуць дэмакратычныя перамены, гэта прывядзе да распаду Расейскай Федэрацыі?

 — Такая небяспека безумоўна ёсць. Усе ўсміхаюцца, што гэтага не можа быць, але ніхто б і не паверыў, за паўгода, што Савецкі Саюз распадзецца. Справа ў тым, што Пуцін з крыкамі пра патрыятызм і імперыю вядзе Расею да распаду. Адзіны шанец сучаснай дзяржавы на паспяховае існаванне – гэта федэралізм. Савецкі Саюз распаўся, і ён не мог не распасціся, ён трымаўся толькі на гвалце, безумоўна. Не могуць Літва і Туркменістан знаходзіцца ў складзе аднае дзяржавы, гэта ненатуральны звяз. Мяркую, што адзіны шанец Расеі — гэта сапраўдны федэралізм. Не можа Масква жыць з прэзідэнтам, якога абірае Рэспубліка Марый Эл, не можа Інгушэтыя і Санкт-Пецярбург жыць паводле адных законаў і правілаў. Унутры сённяшняй Расеі вельмі шмат цывілізацыяў, вельмі шмат укладаў. На маю думку, адзіны шанец —  падкрэсліць гэтую шматукладнасць федэралізмам. Пуцін з яго вертыкаллю і абмежаваннем мясцовага самакіравання наўпрост вядзе да таго ці іншага выбуху.   

Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя