Віктар Цярэшчанка: Куды не кінь – усюды клін



Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка распавёў, чаму ён удзельнічае ў выбарчай кампаніі, хоць “выбараў няма”, і на што разлічвае ў ёй.

75F3D6C8-F667-435F-AFD3-15A2147EEEE5_w900_r1_s

Дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Катляроў выказаў у эфіры АНТ меркаванне, што 75% ініцыятыўных групаў не збяруць 100 тысяч подпісаў. Што думаюць пра гэта самі прэтэндэнты?

Віктар Цярэшчанка: Хацеў бы адзначыць тры моманты. Па-першае, электарат кампаніі-2015 надзвычай абыякавы да выбараў, не спадзяецца, што будзе абрана іншая кандыдатура і многія проста не жадаюць удзельнічаць у выбарах. Па-другое, абяцанні рознага кшталту, якія даваліся раней выканаўчай уладай, не выконваліся альбо выконваліся толькі ў нязначнай частцы, каб не было вялікага бунту. Эканамічнае становішча кепскае, рэальныя заробкі насельніцтва падаюць, кошты растуць. І, калі застанецца сёняшняя ўлада, нічога добрага для Беларусі не прагназуецца. І трэцяе – грашовы-крэдытная палітыка, якую маем, і адсутнасць у краіне нейкіх праграм развіцця, гаворыць аб тым, што ўлада нічога і не прапаноўвае. У грамадстве – таксама стагнацыя. Некаторыя мяркуюць: навошта нам ісці на выбары, калі за нас і так усё вырашылі? Да таго ж, выканаўчая ўлада на месцах у рэгіёнах цісне на бюджэтнікаў, ведаю, што нават забараняюць рэкламаваць іншых прэтэндэнтаў. Так што ў пэўным сэнсе Ігар Катляроў кажа праўду – ва ўсіх прэтэндэнтаў будуць вельмі вялікія складанасці пры зборы подпісаў. Яны большыя, чым у 2010 годзе, нават не ў два разы, а, можа быць, у пяць. Я гэта заўважыў нават па фарміраванню ініцыятыўнай групы.

РР: Вы намалявалі сумную карціну, але ў такім выпадку, які наогул сэнс вашага ўдзелу ў выбарах?

Віктар Цярэшчанка: Мне здаецца няма сэнсу не толькі ва ўдзеле, а наогул у правядзенні выбараў. Скажыце, якія назіральнікі могуць пракантраляваць выбары ў вёсках? Там для людзей старшыня сельсавета – цар і бог. Калі я вылучаўся ў дэпутаты Нацыянальнага сходу, то бачыў, як робяцца падлікі галасоў. Людзі ўсё гэта бачаць. Нават сябры ўчастковых камісій распавядаюць затым знаёмым, як усё адбывалася насамрэч.

РР: І, тым не менш, вы ўдзельнічаеце…

Віктар Цярэшчанка: Я ўдзельнічаю толькі па адной прычыне – каб сёння распавесці людзям пра стан беларускай эканомікі. Яна знаходзіцца ў апошнія гады ў стагнацыі, ідзе падзенне УВП… Я ўжо не кажу пра грашова-крэдытную палітыку, пра матывацыю да працы. Куды не кінь – усюды клін. Падзенне рэальных заробкаў насельніцтва – гэта ж галоўнейшае пытанне! І не сказаць пра гэта я не магу, калі ёсць магчымасць атрымаць трыбуну. Праўда, для гэтага трэба яшчэ набраць 100 тысяч подпісаў, і ў гэтым, шчыра скажу, сумняваюся. Вельмі будзе складана. Ды і прыдзіркі могуць быць пры жаданні да чаго заўгодна. У 2010 годзе ў мяне прызналі несапраўднымі каля 20 тысяч подпісаў – больш за ўсіх. Тым не менш, я спадзяюся, што данясу да людзей сваю праграму. Хачу сказаць, што маем у эканоміцы, што прапаноўваецца, і як гэта трэба зрабіць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svoboda.org