Віктар Цярэшчанка: Я паставіў подпіс у групе Мікалая Статкевіча (абноўлена)
Прадпрымальнік Віктар Цярэшчанка, які заявіў пра намер вылучацца ў якасці кандыдата на прэзідэнцкія выбары, падтрымлівае фарміраванне ініцыятыўнай групы палітычнага вязня, экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі 2010 года Мікалая Статкевіч.
Праўда, на думку Цярэшчанкі наўрад ці ўлады пойдуць на такі крок, як рэгістрацыя групы Статкевіча:
– Я паставіў подпіс у групе Мікалая Статкевіча для яго рэгістрацыі. На жаль, я адзіны. Ніхто з кандыдатаў не падпісаў. Я разумею, што юрыдычна немагчымая гэтая рэгістрацыя. Гэтыя людзі ўвойдуць у склад нашай ініцыятыўнай групы ды іншых ініцыятыўных груп.
Паводле Віктара Цярэшчанкі, сам ён гатовы ісці на выбарах да канца, здымацца не збіраецца і гатовы стаць адзіным канкурэнтам дзейнага кіраўніка дзяржавы на прэзідэнцкіх выбарах, якія пройдуць 11-га кастрычніка. Цярэшчанка ўжо ў чацвёрты раз вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты.
Прадпрымальнік Віктар Цярэшчанка, якому 65 гадоў, пацвердзіў, што мае намер чарговы раз балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах.
Віктар Цярэшчанка кажа, што цяпер фармуецца ініцыятыўная група, у якую могуць увайсці ад паўтара – да трох тысяч чалавек.
Віктар Цярэшчанка абяцае, што 16-17 ліпеня панясе ў ЦВК заяўку на рэгістрацыю ініцытыўнай групы. Вылучацца на выбары прадпрымальніка вымушае сітуацыя ў беларускай эканоміцы:
– Я ўжо думаў, што стары і ўдзельнічаць у гэтым не буду, але вымушаюць падзеі, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь ў эканоміцы і ў дэвальвацыі беларускіх грошай у адносінах коштаў. На жаль, выканаўчая ўлада не выконвае распараджэнняў нават кіраўніка дзяржавы.
Паводле Цярэшчанкі, на выбары ён ідзе амаль з той самай праграмай, з якой вылучаўся ў 2010 годзе, бо 70% той праграмы па-ранейшаму не губляюць сваёй актуальнасці.
Віктар Цярэшчанка ўжо ў чацвёрты раз вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты. У 1994-м і 2001-м ён не сабраў неабходныя 100 тысяч подпісаў. Зарэгістраваны Цярэшчанка кандадыдатам быў толькі аднойчы – у 2010-м. Тады ён быў адзіным кандыдатам, акрамя Лукашэнкі, якога не арыштавалі і не затрымалі ў ноч пасля выбараў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя