Віктар Цярэшчанка: Працую ў камандзе Бабарыкі



Кандыдат у прэзідэнты ў 2015 годзе Віктар Цярэшчанка распавёў, якім чынам зараз удзельнічае ў выбарчай кампаніі.

Віктар Цярэшчанка: Я маю непасрэднае дачыненне да кампаніі, бо з’яўляюся сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Збіраю подпісы за яго.

І хацеў бы адзначыць тры важныя моманты гэтай кампаніі. Першы – народ стаміўся ад гэтай улады і хоча пераменаў. Другі момант – Віктар Бабарыка, Валерый Цапкала і Ціханоўскія – гэта не падстаўныя спарынг-партнёры беларускага кіраўніка, а людзі, якія рэальна прыйшлі, каб перамагаць. І калі народ бачыць агрэсію з боку ўладаў да гэтых альтэрнатыўных кандыдатаў, то аб’ядноўваецца незалежна ад узроста.

Што датычыцца астатніх прэтэндэнтаў, то яны альбо зусім слабыя, альбо ўзгоднена дзейнічаюць з уладай.

Трэці чыннік – людзі бачаць рэальнае падзенне ўзроўню жыцця. А тут яшчэ і каронавірус, калі эпідэмія не спыняецца.

РР: Зараз Ціханоўскаму і яго паплечнікам вылучылі абвінавачванні, яны знаходзяцца за кратамі. Уладам патрэбны гэтыя рэпрэсіі?

Віктар Цярэшчанка: Яны пойдуць да канца ў рэпрэсіях. Лепш прыбраць чалавека, чым ён будзе перашкаджаць атрымліваць чарговую “элегантную” перамогу. Але я бачу, што нават у рэгіёнах дзеючая ўлада ўжо не карыстаецца папулярнасцю ў людзей, і яны пра гэта ведаюць.

Таму стаўка будзе зроблена на тое, каб прыбраць моцных кандыдатаў. Не выключаю нават найгоршы сцэнар, калі іх і насамрэч не зарэгіструюць, а застануцца толькі “спарынг-партнёры”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя