Віктар Цярэшчанка: Я не трапляў пад іхнюю сістэму выбараў



Праз месяц пасля свайго атручэння экс-прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Віктар Цярэшчанка успамінае, як яго “прыбрала ўлада”, а таксама заяўляе, пра свой “не апошні паход у прэзідэнты”.

Віктар Цярэшчанка: Месяц ужо прайшоў, як мяне атруцілі. 28 жніўня я пайшоў на сустрэчу з кіраўніком штаба ў сталічнае кафэ “Грунвальд”, мы там заўсёды збіраліся. Я выпіў сок і практычна праз 5 хвілін страціў прытомнасць. Адразу ж “Хуткую” выклікалі, добра, што хутка прыехалі. Нешта ўкалолі, выратавалі, а так быў бы капец. Сказалі, што ў мяне нешта накшталт алергіі. Якая алергія? “Дыхаць вам цяжка?” – пытаюць. – “Добра мне дыхаць”. Адным словам, маё атручэнне было падрыхтавана, шэсць дзён праляжаў у бальніцы. А затым надакучыла, сыйшоў адтуль.

РР: За месяц прааналізавалі сітуацыю? Каму гэта было патрэбна?

Віктар Цярэшчанка: У прынцыпе, усё са згоды ўладаў. Я не трапляў пад тую сістэму выбараў, якую прыдумалі, неабходна было мяне прыбраць. Вунь Улаховіч сёння кажа, што ён падтрымлівае прэзідэнта. Дык чаго ты тады ідзеш на выбары? Ідзі даверанай асобай да Лукашэнкі. Альтэрнатыва патрэбна. Я сустракаўся з кіраўніком місіі АБСЕ ў Менску, іншымі еўрапалітыкамі. Усім наконт мяне ўсё было зразумела. Я распавядаў, як прафесар эканомікі, пра эканоміку.

РР: Як вы зараз сябе адчуваеце?

Віктар Цярэшчанка: У мяне да гэтага часу галава нямая. Гэта ж было хімічнае уздзеянне на арганізм, атручэнне. Акрамя таго, у мяне апёк страваводу, страўніка… Да гэтага часу павялічаны печань і селязёнка. У бальніцы мне медыцынскія заключэнні не далі на рукі, а таму пасля выпіскі пад чужым прозвішчам я правёў уласнае даследванне. Запрасіў прафесара з Вільні, той і зрабіў заключэнне, якое зараз у мяне на руках… Мне ўсё зразумела. Дарэчы, ужо пасля таго, як мяне атруцілі, падыйшлі нейкія хлопцы і спыталі: “Вы будзеце балатавацца?”. Адказваю: “Буду ўсё роўна”. І тады мяне “зарэзалі” подпісамі.

РР: Неяк ужо вельмі моцна вас “рэзалі”…

Віктар Цярэшчанка: Мне сёння апраўдвацца няма сэнсу, бо нікому нічога не дакажаш. Але я, напрыклад, паглядзеў Навабеліцкі раён Гомеля. Там 15 падпісных лістоў без подпісаў сябраў ініцыятыўнай групы. Ды гэтага проста не можа быць, таму што мы плацілі за подпісы! Як мы маглі прыняць гэтыя лісты? Як маглі плаціць без подпісаў? З-за гэтага цэлыя раёны прызнавалі з несапраўднымі подпісы. Таму і атрымалася ў мяне са 115 тысяч подпісаў толькі 7 тысяч. Там шмат такіх момантаў, але ж аспрэчыць не магу, бо Выбарчы кодэкс гэта не прадугледжвае.

РР: Гэта, напэўна, ваш апошні паход у прэзідэнты?

Віктар Цярэшчанка: Хто сказаў, што апошні?

РР: Каб ізноў не атруцілі…

Віктар Цярэшчанка: Тое, што ўлада пайшла на маю фізічную ліквідацыю, гэта, безумоўна, жудасна. Калі б я не прапаласкаў рот, то не выжыў бы. 160 – ціск, сэрца моцна білася, рэзкі ўдар у галаву…

РР: Дык праз пяць гадоў ізноў будзеце змагацца за прэзідэнцкую пасаду?

Віктар Цярэшчанка: Чаму праз пяць гадоў? Раней. Думаю, восенню альбо наступнай вясной эканоміка абваліцца вельмі хутка. І пытанне не ў тым, што я хачу стаць прэзідэнтам, а ў тым, што сёняшняя ўлада нічога не робіць для таго, каб мы прышлі ў краму, а там кошт на хлеб быў такім жа, як і паўгода таму. Каб не падалі рэальныя прыбыткі насельніцтва. Я ж не ішоў у прэзідэнты, каб піярыцца, а дзеля таго, каб прапанаваць сваю эканамічную праграму, чаго не зрабілі цяперашнія кандыдаты. Ніхто ж нічога не напісаў. І ніхто нічога не сказаў і не можа сказаць, бо гэта не так проста. А маё сумленне чыстае. Я шчыра хацеў нешта прапанаваць, каб змяніць жыццё людзей да лепшага.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя