Віктар Цярэшчанка: Яны самі сябе „абіраюць” на гэтых выбарах



Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 году Віктар Цярэшчанка выказаўся пра сёлетнюю выбарчую кампанію.

Віктар Цярэшчанка: Я працаваў са штабам Віктара Бабарыкі, нават унёс прапанову аб нацыянальнай ідэі развіцця дзяржавы. А зараз актыўна падтрымліваю кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую.

РР: Што вы думаеце пра сёлетнюю кампанію?

Віктар Цярэшчанка: Я зрабіў выснову, што ўлада захавае і сама сябе «абярэ» сябе на чарговых выбарах. Да народнага меркавання гэта не мае нікага дачынення. Але ў рэальнасці сітуацыя іншая. І Інтэрнэт-галасаванне, і сустрэчы з людзьмі паказваюць, што Святлана Ціханоўская набірае больш за 70 працэнтаў. Хаця ўлада будзе рабіць усё, каб такія лічбы былі на яе карысць.

РР: А як вы ацэньваеце тыя метады, якія ўжываюць улады да каманды Святланы Ціханоўскай?

Віктар Цярэшчанка: Майму абурэнню няма мяжы. У Наваполацку была сустрэча Святланы з выбаршчыкамі і раптам на гэтае месца прыязджае машына з рабочымі, якія павінны як быццам спіліць сухое дрэва.

Самае цікавае, што гарадок жа невялікі, усе адзін аднаго ведаюць. Так засарамацілі гэты рабочых, што тыя не ведалі куды вочы скіроўваць. Пастаялі, выступленне Святланы Ціханоўскай паслухалі і з’ехалі. І ўжо тое сухое дрэва ім было не патрэбнае.

А ў Верхнядзвінску на пляцоўцы, дзе павінна была адбыцца сустрэча, разабралі ступені, плітку ўзрываюць. Гэта настолькі брудныя метады! Як кажуць, не з’ем дык пакусаю. І гэта наадварот яшчэ больш настройвае людзей супраць гэтай улады. Я бачу, што многія гатовы прагаласаваць за каго заўгодна абы толькі не за Лукашэнку. Калі б было рэальнае галасаванне з празрыстым падлікам галасоў, без загона на датэрміновае галасаванне, з прадстаўнікамі альтэрнатыўных кандыдатаў ва ўчастковых камісіях, Аляксандр Лукашэнка ўбачыў бы свой сапраўдны рэйтынг. Калі я разам з жонкай збіралі подпісы за Віктара Бабарыку, да нас чэргі выбудоўваліся!

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя