Віктар Янчурэвіч: На гэтае рашэнне Цэнтрвыбаркаму будзе пададзена скарга
Цэнтрвыбаркам абмежаваў магчымасці працы незалежных назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах. ЦВК вырашыў, што ў асноўны дзень галасавання колькасць назіральнікаў на ўчастках павінна быць не больш 5 чалавек. І безумоўна, дапушчанымі да назірання будуць толькі ўжо акрэдытаваныя назіральнікі ад праўладных.
Па меркаванні юрыста грамадскай ініцыятывы „Права выбару” Віктара Янчурэвіча, гэта абсалютнае парушэнне Выбарчага Кодэкса.
– Тое, што вырашыў Цэнтрвыбаркам – гэта абсалютнае парушэнне Выбарчага Кодэкса. Гэтая пастанова супярэчыць 13 артыкулу, 53, 54, 55. Там дзе прапісаныя правы грамадзян удзельнічаць у назіранні за выбарчым працэсам. У Выбарчым Кодэксе няма ніякіх абмежаванняў па колькасці назіральнікаў. Ёсць толькі ўказанні на тое, што на выбарчых участках, падчас правядзення выбараў, маюць права прысутнічаць назіральнікі.
І колькасць назіральнікаў законам не абмяжоўваецца. А камісія павінна паклапаціцца аб тым, каб размясціць усіх тых назіральнікаў, якія заявяць аб акрэдытацыі. Да гэтага так і было, – падкрэсліў Віктар Янчурэвіч. Ён нагадаў, што назіральнікі маюць права прысутнічаць на выбарчым участку цягам усяго выбарчага працэсу, прысутнічаць пры апячатванні ўрны для галасавання, пры галасаванні па месцу знаходжання выбаршчыка, калі той не можа прыйсці на выбарчы ўчастак. Усе гэты правы перакрэслівае рашэнне Цэнтрвыбаркаму і на яго будзе пададзена скарга, таму што яно супярэчыць дзеючаму заканадаўству краіны, – кажа Віктар Янчурэвіч.
Беларускае Радыё Рацыя