Віктар Янчурэвіч: Збіраем подпісы за перанос выбараў



Віктар Янчурэвіч, кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Юрася Губарэвіча, распавёў пра тое, якія подпісы яны зараз збіраюць.

Віктар Янчурэвіч: Як вядома, мы не ставім перад сабой мэту збіраць 100 тысяч подпісаў, як не збіраецца і Юрась Губарэвіч вылучацца каныдатам у прэзідэнты. Ва ўмовах каронавіруса не можа быць паўнавартаснай прэзідэнцкай кампаніі, таму выбары адназначна трэба пераносіць на больш позні перыяд, калі скончыцца пандэмія.

Таму зараз мы праводзім кампанію за перанос выбараў і адпаведна збіраем подпісы за гэта.

РР: Сябры вашай ініцыятыўнай групы праводзяць пікеты?

Віктар Янчурэвіч: Так. У нядзелю былі пікеты ў Берасці, яны будуць праходзіць таксама ў Менску і іншых гарадах. Але нашы пікеты не будуць такімі інтэнсіўнымі, як у тых прэтэндэнтаў, якія ўсё-такі плануюць зарэгістравацца кандыдатамі ў прэзідэнты.

РР: Ці падтрымліваюць людзі перанос выбараў?

Віктар Янчурэвіч: Ва ўсялякім разе, абсалютна нармальна рэагуюць на такую нашу прапанову. Многія і так ведаюць, што сапраўды празрыстых выбараў у Беларусі няма, а тут яшчэ і эпідэмія дадалася.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pyx.by