Віктар Януковіч можа стаць расейскім губернатарам
Былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч можа стаць губернатарам Валгаградскай вобласці Расейскай Федэрацыі. Петыцыя на імя прэзідэнта Уладзіміра Пуціна з просьбай прызначыць украінскага прэзідэнта-уцекача кіраўніком гэтага рэгіёна Паволжжа з’явілася на платформе change.org.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– Гэта далёка не першы зварот расейскіх грамадзянаў да прэзідэнта Расеі з просьбай прызначыць Віктара Януковіча рэгіянальнам кіраўніком. Раней на той жа платформе петыцый з’явіліся звароты з просьбай абраць Януковіча губернатарам Арлоўскай і Яраслаўскай абласцей. Расейцы так аргументуюць жаданне бачыць яго губернатарам: “Нельга, каб дасведчаны кіраўнік сядзеў без справаў. Каб ягоныя веды і досвед заставаліся незапатрабаванымі.” Але ж у просьбы ёсць і палітычны складнік: “Усе мы сталі сведкамі не толькі подласці і захадапаклонства русафобскай кіеўскай хунты, якая прыгнятае свабодалюбівых шахцёраў Данбаса, але і яе заганнай практыкі прызначэння на кіруючую пасаду Украінскіх рэгіёнаў грузінскіх мілітарыстаў кшталту Саакашвілі,” – гаворыцца ў петыцыі”
Віктар Януковіч уцёк з Украіны ў Расею адразу пасля перамогі Рэвалюцыі Годнасці 21-га лютага 2014 года. Супраць былога ўкраінскага прэзідэнта пачата пяць крымінальных спраў.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота lenta.ru