Віктар Юшчанка: Менскія дамовы – гэта перамога Пуціна
Сітуацыя на Данбасе зноў завастрылася. Украінскі бок фіксуе абстрэлы па ўсёй лініі фронту. Стала вядома, што за 18 ліпеня былі забітыя сямёра ўкраінскіх вайскоўцаў, 14 ваяроў было паранена.
Менскія дамовы па ўрэгуляванні ўкраінска-расейскага канфлікту не выконваюцца, а фармат перамоваў па вайне ва Украіне неабходна змяніць, перакананы Віктар Юшчанка. Былы ўкраінскі прэзідэнт у каментары нашаму радыё зазначыў, што Менскія дамоўленасці – гэта перамога Пуціна:
Я думаю, што Менскі працэс найбольш задавальняе самога Пуціна, які змог пераканаць двух еўрапейскіх палітыкаў, што гэтага працэса дастаткова, каб з аднаго боку дасягнуць расейскіх мэтаў, а з іншага – прыпыніць канфлікт. Насамрэч, гэта план акупацыі краіны. Магчыма, ён зграў нейкую ролю, калі мы гаворым пра першыя тыдні вайны, эскалацыі гэтага канфлікту, калі гарачая фаза не так хутка пашырылася на іншыя тэрыторыі, быць можа, у гэтым была яго пазітыўнасць, але калі мы гаворым пра сённяшні час, відавочна, усе бакі разумеюць, што ў фармаце гэтага перамоўнага працэса цяжка знайсці адказ на ўрэгуляванне гэтай агрэсіі.
Фармат трэба мадэрнізаваць. Я перакананы, што нам трэба вяртацца да таго фармату, які дае гарантыі тэрытарыяльнае цэласнасці Украіны, палітычнага суверэнітэту, дзе стаяць подпісы лідараў ядзернага клуба. За гэтымі дамоўленасцямі стаяць краіны, у якіх дзясяткі інструментаў урэгулявання. А весці сёння дыялог з нейкім Захарчанкам, Платніцкім, якія нічога не вырашаюць, хаця Расея не ёсць бокам перамоўнага працэсу, гэта выглядае трохі дзіўна.
Таксама былы прэзідэнт Віктар Юшчанка зазначыў, што адказнасць за тэрытарыяльную цэласць Украіны перадусім ляжыць на Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі ды Кітаі, якія разам з Расеяй выступілі гарантамі украінскай суверэннасці ў абмен за адмову Украіны ад ядзернае зброі:
Вядома, у нас ёсць дакумент. Калі вы ведаеце, у Нагорна-Карабахскім канфлікце, ці ў грузінскім канфлікце, ці ў прыднястроўскім канфлікце, там не працуе і не прадугледжваецца інструмент міжнародных гарантыяў. Адзіны канфлікт на Усходзе Еўропы, які прадугледжвае такога тыпу гарантыі – гэта Будапешцкі мемарандум, за якім стаяць Злучаныя Штаты, Вялікабрытанія, Францыя, Расея і Кітай. І вядома, дзіўна, што сёння гэтыя краіны не адчуваюць сваёй адказнасці за страту тэрытарыяльнае цэласнасці Украіны. Калі ў 1994 годзе падпісвалася ўмова, усе выходзілі з разумення, што адмовіўшыся ад ядзернага арсеналу, Украіна робіць унікальны ўнёсак ва ўрэгуляванне халоднае вайны. І мы гэтаксама ацэньвалі. Але напраўду, выйшла на тое, што міжнародныя гарантыі не працуюць, што нас пускаюць па колу з нейкімі сумнеўнымі бакамі весці перамовы не наконт расейскай акупацыі, а быццам бы нейкага ўнутранага ўкраінскага канфлікту, чаго насамрэч няма.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя