Віктар Марціновіч: Лукашэнка з трыбуны ААН выступіў як аўтсайдар
Як беларускі прэзідэнт выступіў у Ню-Ёрку? Меркаванне палітолага і пісьменніка Віктара Марціновіча: “Аляксандр Лукашэнка з трыбуны ААН выглядаў хучэй як журналіст, які крытыкуе сусветную закулісу, чым як суб’ект міжнароднай палітыкі, які мае ўплыў на сусветныя палітычныя працэсы”. На думку Марціновіча, Лукашэнка шукае сабе месца ў міратворчым працэсе ў рэгіёне. Але менскія дамоўленасці сталіся не вельмі эфектыўнымі. Гэта, праўда, не перашкодзіла генеральнаму сакратару ААН Пан Гі Муну адзначаць вялікую ролю Аляксандра Лукашэнкі ў вырашэнні данбаскага канфлікту.
– Мне падалося, што мова, якую ён выкарыстаў, для таго, каб выказаць сваю заклапочанасць, – гэта мова аўтсайдэра, гэта не мова ўдзельніка працэса. Калі Аляксандр Лукашэнка ці Уладзімір Пуцін пачынаюць разважаць пра дэмакратыю, гэта заўсёды вельмі цікава, паміж Пуціным і Лукашэнкам ёсць згода пра тое, што дэмакратыя – гэта не правы чалавека, а права на працу, напрыклад. Але калі гэта пачынаеш прамаўляць з міжнароднай трыбуны ў Нью-Ёрку – то гэта выглядае вельмі дзіўна.
Тэму правоў чалавека Аляксандр Лукашэнка закрануў сёння і на сустрэчы з вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Зейдам Раад Аль-Хусэйнам. «Ніколі не дазволім, каб нам навязвалі так званыя правы чалавека і палітызавалі іх. Гэта абсалютна непрымальна», – сказаў афіцыйны беларускі лідар. Тым самым Лукашэнка ў чарговы раз падкрэсліў, што яго разуменне правоў чалавека не супадае з меркаваннем сусветных дэмакратычных краінаў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя