Віктара Януковіча афіцыйна пазбавілі звання прэзідэнта Украіны
Адпаведны закон уступіў у сілу сёння. Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– Пасля ўцёкаў Віктара Януковіча ў Расейскую Федэрацыю 21 лютага 2014 года яго паўнамоцтвы былі спыненыя Вярхоўнай Радай праз працэдуру імпічменту. Але пры гэтым Віктар Януковіч фармальна мог называцца “прэзідэнтам”, бо, паводле Канстытуцыі Украіны, гэтае званне пажыццёвае і ахоўваецца законам.
Цяпер, згодна закону, Віктар Януковіч пазбаўлены не толькі звання “прэзідэнт”, але таксама пенсіі і ўсіх ільгот, якімі фармальна мог карыстацца ва Украіне з моманту ўцёкаў і па сённяшні дзень.
Супраць Віктара Януковіча ўзбуджаныя шматлікія крымінальныя справы. Чацвёртага прэзідэнта Украіны вінавацяць у масавых забойствах, адмыванні грошай, карупцыі, перавышэнні паўнамоцтваў, а таксама ў крадзяжы бюджэтных сродкаў у асабліва буйных памерах. Віктар Януковіч хаваецца ў Расеі, але дакладнае яго месцазнаходжанне невядомае.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна
Фота joinfo.ua