Віктарын: Пытанні правоў чалавека – галоўныя ў стасунках ЕЗ з Беларуссю
Пытанні правоў чалавека застаюцца галоўнымі ў адносінах Еўрасаюза з Беларуссю, заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ Андрэа Віктарын 26 студзеня ў Менску на канферэнцыі „Грамадзянская супольнасць Беларусі: перспектывы прасоўвання грамадскіх інтарэсаў у адносінах з асобамі, якія прымаюць рашэнні”.
„Наша мэта — каб Беларусь была незалежнай і суверэннай дзяржавай, каб у краіне развівалася дэмакратыя, выконваліся прынцыпы вяршэнства права, — сказала дыпламат. — Мы будзем дамагацца гэтага. І гэта значыць, што пытанні правоў чалавека застануцца галоўнымі ў нашым парадку дня”.
Віктарын адзначыла, што за тры гады з моманту яе прызначэння ў Беларусь палітычны дыялог паміж Бруселем і Менскам пашырыўся і стаў больш актыўным.
„На жаль, да канца мінулага года мы не змаглі падпісаць пагадненне аб прыярытэтах партнёрства. Сёлета мы працягваем працу над дакументам, — сказала кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ. — У мяне таксама ёсць аптымізм адносна пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму. Думаю, у найбліжэйшы час яно будзе падпісанае”.
Пасол ЕЗ таксама сказала, што 10-годдзе ініцыятывы „Усходняе партнёрства”, якое адзначаецца у 2019 годзе, неабходна выкарыстоўваць для таго, каб больш казаць пра мэты і задачы Усходняга партнёрства і яго дасягненні за гэтыя гады.
„Для нас таксама важна, каб людзі больш даведваліся пра дзейнасць ЕЗ у Беларусі, — падкрэсліла Віктарын. — І важна вызначаць фэйкавыя навіны пра дзейнасць і намеры ЕЗ у Беларусі, каб своечасова аспрэчваць іх. Мы хочам, каб было больш інфармацыі аб тым, што ЕЗ робіць на карысць беларускага народа”.