Віктарын: Спадзяюся, да канца года пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі будуць падпісаныя
Беларусь і Еўразвяз да канца года могуць падпісаць пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі, заявіла журналістам кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ Андрэа Віктарын 23 кастрычніка ў Менску перад прэзентацыяй праекта „Спрыянне Рэспубліцы Беларусь у вырашэнні пытанняў, звязаных з павелічэннем колькасці нерэгулярных мігрантаў”.
„Пагадненне аб рэадмісіі можа быць падпісанае толькі ў пакеце з пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму, — сказала яна. — 11 кастрычніка прайшоў чарговы раўнд перамоў. Ён быў вельмі канструктыўным. Бакі змаглі ўзгадніць асноўныя моманты тэксту пагадненняў”.
Паводле слоў Віктарын, засталося ўзгадніць некаторыя тэхнічныя дэталі. „Спадзяюся, што да канца года пагадненні будуць падпісаныя”, — сказала яна.
Дыялог аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі афіцыйна вядзецца са студзеня 2014 года.
У чэрвені 2018 года еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовам аб пашырэнні ЕС Ёханес Хан падчас візіту ў Мінск заявіў, што перамоўны працэс паміж Беларуссю і Еўразвязам па пагадненні аб спрашчэнні візавых працэдур можна было б паскорыць.
„Мне не хацелася б каментаваць перамоўны працэс, — сказаў ён. — Я мяркую, калі ёсць добрая воля з абодвух бакоў, мы тады можам не прайсці, а прабегчы апошні кіламетр. Можна было б паскорыць гэты канчатковы працэс прыняцця рашэнняў”.