Віншаванне З’езду БСДП са 100-годдзем БНР



З’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) віншуе грамадзян Рэспублікі Беларусь са 100-годдзем абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).

100 гадоў таму, 9 сакавіка 1918 года, у межах колькаснай перавагі беларускага народа была абвешчана БНР, а 25 сакавіка БНР была абвешчана незалежнай і вольнай дзяржавай. Незалежная і вольная БНР бачылася яе заснавальнікамі як дэмакратычная прававая сацыяльная дзяржава, у якой уводзіцца ўсеагульнае выбарчае права, існуе падзел уладаў, шануюцца правы і свабоды грамадзян: недатыкальнасць асобы і жылля, свабода слова, друку, сходаў і аб’яднанняў, свабода сумлення. Нацыянальным меншасцям гарантавалася нацыянальнальна-персанальная аўтаномія. Зямля ў БНР перадавалася тым, хто на ёй працуе. Лясы, азёры і нетры зямлі абвяшчаліся ўласнасцю Рэспублікі. У краіне ўводзіўся 8-гадзінны рабочы дзень, а работнікам давалася права на забастоўкі.   

Для палітычных сілаў суседніх дзяржаваў БНР, якая адстойвала правы беларускага народа, была нежаданай рэспублікай. Усе яны квапіліся калі не на ўсю, дык хоць бы на частку беларускай зямлі, а так званыя вялікія дзяржавы кроілі карту Еўропы ў адпаведнасці са сваімі інтарэсамі. І на гэтай карце для Беларускай Дзяржавы месца не было. Існаванне Рады БНР, яе актыўная дзейнасць на  міжнароднай арэне, а таксама геапалітычныя меркаванні змусілі бальшавікоў пайсці на саступкі беларускаму вызвольнаму руху. Так з’явілася Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі, якая таксама была абвешчана незалежнай дзяржавай.

Хоць ідэал дэмакратычнай Беларусі не здзесніўся, айцы БНР разглядалі Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку як этап, як ступеньку да незалежнасці. Аўтар Акту 25 Сакавіка 1918 года Антон Луцкевіч  быў упэўнены, што Беларусь стане незалежнай і вольнай дзяржавай разам і пры падтрымцы дэмакратыяў іншых краін. І калі ў 1989 годзе ў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе і ў Расіі пачалася антыкамуністычная дэмакратычная рэвалюцыя, у гэтую барацьбу уключыліся і беларусы. Вынікам рэвалюцыі стала тое, што наша краіна здабыла незалежнасць. Аднак, у адрозненне ад Латвіі, Літвы, Славеніі, Македоніі, Славакіі, Харватыі і Эстоніі дэмакратызацыі Беларусі не была завершаная. Стаўшы незалежнаю, Беларусь не стала дэмакратычнаю прававой і сацыяльнай дзяржавай.

Сучасная Беларусь – краіна няздзейсненых магчымасцяў і няспраўджаных надзей. Сучасная Беларусь, у якой жывуць працавітыя людзі, якая 72 гады не ведае вайны на сваёй зямлі, – адна з самых бедных краін Еўропы, не ўсім грамадзянам якой даступныя даброты цывілізацыі. Выхад з гэтага стану ў тым, каб Беларусь стала свабоднай, дэмакратычнай, сацыяльна справядлівай, пабудаванай на прынцыпах роўнасці і прыярытэту праву дзяржавай. Толькі тады на поўніцу здзейсніцца ідэал 25 Сакавіка 1918 года.

Жыве Беларусь!

Прынята Прэзідыумам БСДП 24 сакавіка па даручэнні XVIII З’езду БСДП.