Вінцук Вячорка: 27 ліпеня – гэта дзень аднаўлення суверэнітэту Беларусі



25 гадоў таму была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Пра тое, як гэта адбывалася, распавёў палітык ды грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка.

Вінцук Вячорка

РР: Са свайго пункту гледжання, як бы вы ахарактарызавалі тыя падзеі, якія адбыліся 25 гадоў таму?

Вінцук ВячоркаГэта быў прамежкавы этап вяртання сапраўднай незалежнасці і вяртання да ідэалаў агучаных амаль сто гадоў таму ў Беларускай Народнай Рэспубліцы ў 1918 годзе. Безумоўна, калі б за гэтыя 25 гадоў у Беларусі функцыянавала нацыянальная сістэма адукацыі, культываваліся б пачаткі адноўленай дзяржаўнасці, то кожны б ведаў гэты ланцужок: 25 сакавіка 1918 года, 27 ліпеня 1990 і ўрэшце 25 жніўня 1991 года, калі пастановы аб суверэнітэце 1990 года набылі статус канстытуцыйнага закону. Аднак потым прыйшла ўлада, якая сярод іншага пачала сціраць з народнай памяці гэтыя даты, гэтыя сімвалы і гэтыя падмуркі падмяняючы іх тым, што ўласна кажучы да дзяржаўнай незалежнасці беларусаў дачынення не мае.

РР: Сёння на дзяржаўным тэлебачанні ніхто не кажа пра гэтую дату, як бы вы ахарактарызавалі гэтыя моманты?

Вінцук ВячоркаГэта азначае, што цяперашняя дзяржаўная ўлада не пачуваецца ані спадкаемцам тых рашэнняў, ані адказнай за зберажэнне і перспектыву менавіта беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Паколькі гэтая ўлада не раз заяўляла аб сваёй пераемнасці з Савецкім Саюзам, з камуністычнай ідэалогіяй, з Ленінымі, Сталінымі, Дзяржынскімі, то ёй відаць муляе апірышча менавіта на нашыя нацыянальныя традыцыі. Ну аднак мы мусім памятаць, мы мусім гэтую памяць пра дзяржаватворства, новае дзяржаватворства перадаваць маладзейшым пакаленням з тым, каб толькі як адразу гэты падмурак зноў зрабіўся бачны, і мы на ім будавалі свой нацыянальны дом.

РР: То бок атрымліваецца, што менавіта 27 ліпеня як костка ў горле для сучасных беларускіх уладаў?

Вінцук ВячоркаНу а чаму гэтыя ўлады так імкнуліся яе зацерці падмяняючы іншымі? Скажам 3-га ліпеня – гэта дзень выгнання нямецкіх акупантаў з Менску падчас Другой сусветнай вайны. Але з гэтага не пачыналася беларуская незалежная дзяржава, яна альбо зазначалася раней, альбо за яе мы змагаліся пазней.

РР: Ці можам мы нейкім чынам акрэсліць адзначэнне гэтай дэкларацыі да таго моманту, калі як вы сказалі, прыйшла зусім іншая беларуская ўлада?

Вінцук ВячоркаГэтая дэкларацыя безумоўна была кампраміснай, напэўна гэта было максімумам, якога маглі дамагчыся нацыянальна-дэмакратычныя незалежніцкія сілы. Заўважым, што там жа і слова незалежнасць няма, там слова суверэнітэт. Бог ведае чаму для тагачаснай камуністычнай у сваёй аснове ўлады слова суверэнітэт было менш страшнае, чым слова незалежнасць. Трэба нагадаць, што Беларуская ССР была дзясятая ў чарадзе тагачасных савецкіх рэспублік, якая пра гэты самы суверэнітэт абвясціла. Але з іншага боку, калі б не было нацыянальнага ўздыму, калі б не было нацыянальнага руху, нацыянальнага падполля, моладзевых рухаў у выглядзе “Майстроўні”, “Талакі”, “Канфедэрацыі беларускіх суполак” і ўрэшце Беларускага Народнага Фронту, то хто яго ведае, ці была б яна абвешчаная і ці нагул было, і ў якім выглядзе была б абвешчаная гэтая дэкларацыя.

РР: А ў Маскве як яе ўспрынялі ў тыя часы? Бо як быццам бы там яшчэ змагаліся за захаванне савецкага ладу?

Вінцук ВячоркаУ Маскве ішлі свае спецыфічныя працэсы – там змагаўся Ельцын з Гарбачовым, і паколькі яму трэба была юрыдычная база, апірышча, то ён выбраў такім апірышчам  дзяржаўныя структуры РСФСР – гэта значыць Расейскай Савецкай  Рэспублікі. Было супрацьстаянне расейскіх і СССРаўскіх лідараў, структур, нават камуністычных партый, іх верхавін, то бок яны былі гэтым занятыя, але адначасова з выкарыстаннем розных рычагоў і камуністычных загадаў, і працы спецслужбаў, і перыёдыкі, наўрад ці расейцы дапускалі рэальны развал Савецкага Саюзу. Ну і зрэшты не будзем забываць, што апошнім пунктам вакол якога развярнулася найгарачэйшая палеміка ў зале пасяджэнняў, і да якога была прыкаваная самая пільная ўвага людзей, якія былі на тагачаснай плошчы Леніна, а цяпер Незалежнасці, гэта пункт аб заключэнні новай саюзнай дамовы. Ну было відавочна, што як бы фармальна ідучы за модай, так тады казалі камуністы, мода абвяшчаць суверэнітэты, вось яны выканаюць тады модны абавязак, а Саюз яны ўсё роўна зберагуць і заключаць так толькі трошкі падчышчаны і прычасаны. Таму нашае прадстаўніцтва ў Вярхоўным Савеце, я маю на ўвазе тагачаснага Беларускага Народнага Фронту, зрабіла такі крок, яны нават пакінулі залю пасяджэнняў, калі было канчатковае галасаванне, пратэстуючы супраць менавіта гэтых намёкаў на вяртанне да Савецкага Саюзу.

РР: Хочацца спадзявацца, што гэтая дата, гэтыя падзеі не будуць для нас гісторыяй, а будуць сапраўды нацыянальным святам, можа нават Днём Незалежнасці?

Вінцук ВячоркаДзень Незалежнасці ў нас адзін – гэта 25 сакавіка, а той пра што мы гаворым – гэта дзень аднаўлення суверэнітэту Беларусі.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя