Вінцук Вячорка: Арыентацыя на Расею – арыентацыя на паразу



Вайна санкцый паміж Расеяй і Захадам набірае моц. Яна, безумоўна, будзе мець уплыў не толькі на краіны, якія непасрэдна ў гэты працэс уцягнуты, але і на ўвесь свет. У тым ліку і на Беларусь. З’явіліся меркаванні, што Беларусь у гэтым супрацьстаянні можа нават у нечым палітычна ды эканамічна выйграць.

Але, паводле палітыка і грамадскага дзеяча Вінцука Вячоркі, такія спадзяванні – не маюць пад сабой падставаў:

– Абсалютна несумненна, што адрасныя як уведзеныя санкцыі, так і пагрозы вымусілі Пуціна рэзка скараціць, скарэктаваць свае экспансіянісцкія антыўкраінскія планы. Дагэтуль, на шчасце, няма непасрэднага масавага ўварвання рэгулярных войскаў. Што да ўяўнай хітрасці Лукашэнкі, які быццам бы цяпер ужо выглядае не такім пачварным на фоне пачвары Пуціна, то скажу, што, па-першае, усё адно выглядае. Беларусі цяпер апынуцца ў рэзервацыі разам з Расеяй – гэта азначае, выйграць ну паўгода, ну год, ну два.

А потым, – лічыць Вінцук Вячорка, – часткова адноўленая Пуціным расейская імперыя непазбежна эканамічна заваліцца і пацягне разам з сабой і Лукашэнку, а з Лукашэнкам – і Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя