Вінцук Вячорка: Лукашэнка паказаў зняважлівае стаўленне да ўсяго беларускага
Забудзьце пра “рускі сьвет”, Беларусь незалежная дзяржава, заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік Беларусі таксама адзначыў, што аддаў загад разабрацца з расейскімі нацыяналістамі на тэрыторыі Беларусі.
Трэба глядзець не на словы, а на справы адзначыў у эфіры нашага радыё беларускі палітык Вінцук Вячорка.
– Гэты чалавек за 20-ць гадоў свайго панавання зрабіў усё, каб пазбавіць беларусаў мовы, нацынальнай гістарычнай свядомасці, запоўніць кадравую прастору людзьмі цалкам лаяльнымі да Расеі і да Масквы проста таму, што яны там вучыліся, стажаваліся і дагэтуль туды ездзяць вучыцца і стажавацца. Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь узначальвае афіцэрскі склад, які прайшоў расейскія афіцэрскія школы і ваенныя акадэміі. І што – ад іх можна чакаць, што яны будуць абараняць Беларусь ад “рускага міру”.
Шэраг дзяржаўных расейскіх рэсурсаў змясцілі артыкулы, у якіх кажуць пра пагрозу нацыяналізму ў Беларусі. Падставай сталі словы міністра адукацыі Беларусі аб вяртанні выкладання гісторыі Беларусі і геаграфіі краіны на беларускай мове.
„Мы шматвектарная дзяржава, і будзем супрацоўнічаць як з усходам так і з Захадам”, – заявіў адказваючы на пытанні журналістаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён заявіў, што не збіраецца вызваляць палітвязняў, каб наладзіць адносіны з Брусэлем і ЗША.
Беларускі палітык Вінцук Вячорка адзначае, што ніякай шматвектарнасці ў Беларусі няма, бо для адносінаў з Захадам, трэба адпавядаць прынцыпам дэмакратыі і паважаць правы чалавека. Лукашэнка да гэтага не гатовы кажа палітык.
– Таму ён і не збіраецца вызваляць Міколу Статкевіча перад чарговымі выбарамі. Хаця бы для таго, каб мець больш уяўнай легітымнасці ў вачах Захаду. З гэтага вынікае, што ён арганічна, прыродна несумяшчальны з заходнім еўраатлантычным вектарам. Лукашызм, як сістэма, з гэтым вектарам несумяшчальная. Таму ніякіх арэляў, ніякіх гушканняў – няма. Ён намёртва прывязаны да таталітарнага “постсаўка”.
Пра фізіку ды філасофію нельга выказацца па-беларускі ды расейцы на чамаданах. Знакамітыя выказванні Лукашэнкі з сярэдзіны 90-х гадоў чарговы раз прагучалі на прэсавай канферэнцыі ў Менску.
Кіраўнік Беларусі заявіў чарговы раз, што ён уратаваў Беларусь ад “агалцелага нацыяналізму” важна не мова, а харчы.
“Лукашэнка чарговы раз паказаў сваё зняважлівае стаўленне да ўсяго беларускага”, – кажа мовазнаўца і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка.
– Гэта зняважліва, гэта абразліва. Калі пераходзіць на юрыдычную мову, гэта распальванне міжмоўнай варожасці і дыскрымінацыя людзей паводле моўнай прыкметы, якія дазваляе сабе першая службовая асоба дзяржавы.
25 гадоў таму ў Беларусі быў прыняты закон аб мовах, паводле якога беларуская станавілася адзінай дзяржаўнай. У 1995 годзе з парушэннем Канстытуцыі быў праведзены рэферэндум па пытанні двухмоўя і замены беларускіх нацынальных сімвалаў на мадыфікаваныя савецкія.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя