Вінцук Вячорка: На нашых вачах ламаецца сусветны парадак



Падзеі вакол Дэбальцава Данецкай вобласці Украіны, дзе ваенныя дзеянні ўспыхнулі з новай сілай, высветлілі слабасці менскіх пагадненняў, – лічыць беларускі палітык і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка. А спробы Аляксандра Лукашэнкі зноў згуляць ролю міратворца – ён прапанаваў вывесці ўкраінскіх ваенных разам са зброяй з атачання ўзамен на абавязальніцвы далейшага няўдзелу ў вайне – нельга разглядаць усур’ёз, – упэўнены Вінцук Вячорка. Пра гэта ён распавёў у размове з журналістам Радыё Рацыя Генадзем Барбарычам.

РР: Не паспелі прасохнуць чарнілы на Менскіх мірных пагадненнях адносна Украіны, як вайна на Данбасе ўспыхнула з новай сілай…

На маю думку, гэта было прадказальна. Рэч у тым, што такія дзеячы, як Пуцін, з аднаго боку, і еўрапейскія лідары з другога, усё ж такі мысляць палітыку абсалютна рознымі катэгорыямі. Пуцін цяперашнюю сваю так званую палітыку вядзе шляхам ламання, парушэння ўсіх магчымых міжнародных дамоваў. Пачынаючы з Ялцінскіх і Тэгеранскіх і заканчваючы Будапешцкімі ці, скажам, канцавымі палажэннямі Акту аб бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Ён ламае ўсясветны парадак. І ў гэтым сэнсе спадзявацца, што нейкія кавалкі паперы, якія ён падпісаў альбо на словах прызнаў у Менску, для яго будуць мець нейкую вагу, ну, прынамсі, наіўна. Думаю, што не ў малой ступені менскі імпэт двух еўрапейскіх лідараў быў выкліканы нежаданнем даць Амерыцы большыя магчымасці і большую прастору, бо абмяркоўвалася, прычым ужо прадметна, наданне Украіне зброі, хай сабе і абарончай, але сучаснай зброі, таго, у чым Украіна проста роспачна цяпер мае патрэбу. І, безумоўна, менскія перамовы, якія імітавалі нейкі мірны працэс, адклалі гэтае, крайне важнае для Украіны і ўсяго нашага Еўра-Атлантычнага свету, рашэнне. Ёсць такія прыкрыя тактычныя моманты, якія паказваюць, што Пуцін усё прадумаў. Напрыклад, украінскія войскі вымушаны цяпер пакідаць вельмі важны чыгуначны вузел Дэбальцава. Чаму яны вымушаны яго пакідаць? Таму што сілы тэрарыстаў і расейскіх войскаў з усяго фронту туды, аказваецца, сцягнутыя цяпер. Гэта значыць, яны спакойна агаляюць суседнія ўчасткі фронту, не баючыся таго, што ўкраінская армія гэтыя аголеныя ўчасткі зойме. Ну вядома, таму што Кіеў пагадненні выконвае. Ну а Пуціну і ягоным паслугачам у Данецку і Луганску выконваць ніякія пагадненні не трэба.

РР: Як Вы ацэньваеце прапановы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, каб патрапіўшых у кацёл украінскіх ваенных з дапамогай беларускага боку вывесці разам са зброяй, але ўзяць з іх абавязальніцвы далейшага няўдзелу ў баявых дзеяннях?

 – Мне ўжо даводзілася казаць, што адзіны, хто дакладна выйграе на гэтай бядзе і на так званых менскіх угодах, будзе менавіта Лукашэнка. Я нагадаю, што перш, калі ішла гаворка пра магчымыя перамовы і пляцоўку для іх, то Кіеў казаў пра Жэневу. Пуцін гэта адкінуў. Тады прагучала прапанова Астаны – я гэта ведаю з украінскіх крыніцаў. Гэта таксама было адкінута. І фактычна гэта Пуцін намякнуў, што хай гэта будзе Менск пад эгідай Лукашэнкі. Рэч у тым, што Лукашэнка ж не бесстаронні. На нашай тэрыторыі размяшчаюцца і ўжо наяўныя расейскія ваенныя базы і свежаперакінутыя цэлыя звёны расейскай баявой авіацыі. У небяспечнай блізкасці ад украінскай мяжы, як кажуць, у 15 хвілінах падлёту да Кіева. І ў гэтым сэнсе цяпер што б не рабіў Лукашэнка нібыта як міратворца, гэта танны піяр. Ён нічога, ні кроку, не зробіць без згоды, альбо без загаду Пуціна. Так і з гэтай прапановай – нешта там нейкаму прапанаваць і ўкраінскую зброю пакінуць на беларускай тэрыторыі. Які нейтралітэт можа быць, калі ў нас ёсць адразу некалькі расейскіх структураў, з якіх у любы момант выйдзе столькі, сколькі трэба „зялёных чалавечкаў”. Тым больш, што кантраляванай мяжы паміж Беларуссю і Расеяй няма.

РР: Ці не падштурхнуць падзеі вакол Дэбальцава ўсё ж такі Захад і Злучаныя Штаты Амерыкі, у першую чаргу, перадаць Украіне лятальную зброю?

– Што да Злучаных Штатаў, то галасы цвярозых палітыкаў у абедзвюх палатах Кангрэсу чуваць дастаткова гучна. Маю на ўвазе тут і сенатара Джона Макейна, які на сваім уласным досведзе ведае, што такое таталітарызм. Ну, зрэшты, не толькі рэспубліканцаў, але і дэмакратаў не бракуе, якія разумеюць, што не можна Злучаным Штатам траціць адказнасці і дэмакратычнага лідарства ў свеце, таму што ўзніклы вакуўм запаўняюць пачвары. Так што ЗША, думаю, ілюзіяў наконт гэтага не мелі. Але вось гэтая менская ўгода стварыла дымавую завесу на нейкі момант, і адсунула гэтую непазбежную выснову. І гэта, на маю думку, пайшло на шкоду інтарэсам Украіны.

РР: Так, гэтая дымавая завеса можа быць зараз адкінута падзеямі вакол Дэбальцава, і, нарэшце, Захад рашыцца на нейкія рэальныя крокі ў дапамогу Украіне?

 – Так, дэбальцаўская бяда адбылася вельмі хутка пасля гэтага пагаднення. Ну таму Лукашэнка і замітусіўся, што ўся вось гэтая паказуха рассыпалася як картачная хатка, фактычна вокаімгненна. Ну і трэба спадзявацца, што грамадскае меркаванне Еўропы ўсё ж такі здольнае будзе ўзняцца над наіўным спадзевам, што іх неяк гэтая бяда – аднаўленне агрэсіўнага патэнцыялу „расейскага мядзведзя” – абыдзе. Не, не абыдзе. І грамадства, асэнсаваўшы гэтую пагрозу, будзе здольна мабілізаваць сваіх палітыкаў.

РР: Небяспека яшчэ і ў тым, што калі для прарасейскіх сілаў падзеі і надалей будуць развівацца паспяхова, то яны могуць і не спыніцца на Дэбальцаве, а пайсці і далей – на Марыўпаль, на Харкаў, Адэсу, Херсон.

 – На жаль, Дэбальцава – гэта дрэнная, не магу сказаць, сімвалічная сітуацыя – таму што там гінуць абсалютна канкрэтныя, рэальныя, жывыя ўкраінскія людзі. Гэта вялікая трагедыя. І яна, сапраўды, будзе зняверваць украінцаў. І можа натхніць расейска-тэрарыстычныя войскі на ўсякія безразважныя захады. Аднак трэба ўсё ж такі спадзявацца, што нейкая чырвоная лінія была праведзена для таго ж Пуціна Аландам і Меркель. І напэўна, гэтая чырвоная лінія праведзена таксама Абамам, пры ўсіх ягоных спробах не прымаць канчатковых рашэнняў. Дрэнна і шкада, што слова „Крым” не было ў менскіх пагадненнях наагул. Гэта таксама знеахвочвае ўкраінцаў і паказвае ім, што яны ўвогуле ці не самотныя ў тым Еўра- Атлантычным свеце, да ўлучэння ў які яны так імкнуцца. Фактычна, бліжэйшыя дні шмат што будуць вырашаць. І ад рашучасці еўрапейскіх лідараў, і ад хуткасці іхняй рэакцыі вельмі шмат што залежыць. Ці яны, як Аланд, будуць выбіраць прыбыткі ад продажу караблёў „Містраль” пуцінскай Расеі, ці яны ўсё ж такі выберуць у дадзеным выпадку далёкасяжную перспектыву для Францыі і ўсёй Еўропы.

РР: Аднак і для Расеі існуе вялікая небяспека паступова ўцягуцца ў працяглы канфлікт накшталт Аўганістана. І тое, што спачатку падавалася расейскаму кіраўніцтву і народу плюсамі і перамогамі, можа хутка апынуцца мінусамі і стратамі – і чалавечымі, і эканамічнымі, і палітычнымі, і маральнымі…

 – У Расеі няма грамадства ў тым сэнсе, у якім яно есць у Еўропе, у Злучаных Штатах Амерыкі. А ёсць сервільнае шматмільёнае мноства людзей, абсалютная бальшыня якіх захоплена глядзіць на ўладу, на вобраз Пуціна, такога моцнага лідара, які быццам бы вяртае ім прэстыж і месца ў свеце, якое інакш як імперскім, яны проста ўвіць сабе, гэтыя няшчасныя людзі, не могуць. Яны могуць у асабістым плане нешта губляць, яны могуць бяднець, аднак гэта будзе кампенсавана тым, што „а мы вот захапілі Дэбальцава”. Мяне вельмі засмуціла інфармацыя, яна гучала раней, калі ў Пскоўскай вобласці хавалі палеглых расейскіх салдат, прывезеных з Данбаса, і загадалі жонкам і мацеркам, каго запалохаўшы, каго падкупіўшы, маўчаць пра гэта, то былі тыя, што пагадзіліся маўчаць і не казаць нікому праўды, дзе загінулі іх сыны. Гэта крайняя ступень размывання маралі ў цяперашнім расейскім грамадстве. І дзе мяжа, пасля якой гэтае грамадства схамянецца, я не ведаю. Таму лепш ад іх трымацца далей, – лічыць Вінцук Вячорка.

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам гутарка