Вінцук Вячорка: Давер да кіраўнікоў палітычных партыяў у грамадстве цяпер невысокі (абноўлена)



Адбылася сустрэча намесніка міністра замежных спраў Алены Купчыной з кіраўніком прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Майрай Морай.

У ходзе сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і ЕС, у тым ліку ў кантэксце падрыхтоўкі да Рыжскага саміта ініцыятывы „Усходняе партнёрства”.

На фоне частых дыпламатычных кантактаў паміж Бруселям і афіцыйным Менскам, штораз менш сустрэчаў еўрапейскіх палітыкаў з лідарамі беларускай апазіцыі.

Сітуацыю каментуе палітык і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка:

Давер да статусных кіраўнікоў палітычных партыяў у грамадстве, сапраўды, цяпер вельмі невысокі, адпаведна маюць магчымасць іх ігнараваць і заходнія палітыкі еўразвязаўскія кіраўнікі. У пэўным сэнсе самі статусныя палітычныя лідары ў гэтым вінаватыя, таму што прыблізна з 2008-2009 году вялікая частка з іх пагадзілася на гульню, прапанаваную Бруселем: рэзкага змяншэння крытыкі ў адрас лукашэнкаўскага рэжыму і трактоўкі яго як гаранта беларускай незалежнасці. 

Як заявіў падчас візіту ў Беларусь у лютым гэтага года міністр замежных спраў Эдгарс Рынкевічс, Латвія хоча, каб на саміце Усходняга партнёрства ў Рызе ў траўні ўсе партнёры былі прадстаўлены на самым высокім узроўні.

 Беларускае Радыё Рацыя

 * * *

“Толькі недальнабачныя людзі не разумеюць небяспекі, якая зараз навісла над дзяржаўнасццю Беларусі”, – сказаў грамадскі дзеяч і навуковец Вінцук Вячорка, выступаючы ў верасні 2014 года  на круглым стале „Грамадзянская супольнасць у абароне цывілізацыйна – культурнай ідэнтычнасці Беларусі”.

Сённяшняя беларуская ўлада, а таксама статусныя палітыкі, якія арыентуюцца на зменлівыя патрабаванні электарату, не здольны прадухіліць гэтую небяспеку, – лічыць Вячорка

– Як паказвае ўкраінскі прыклад, менавіта структуры грамадскія нацыянальна-ідэнтычныя ў крызісныя моманты здольныя і абавязаныя браць на сябе вялікую купу адказнасці. І сёння такіх кірункаў тэрміновай і адказнай працы шмат: гэта кансалідацыя людзей вакол рэакцыі на пагрозу Незалежнасці, гэта вяртанне да нашых нацыянальна-культурных каштоўнасцяў, у тым ліку да мовы, якая робіць нас унікальнымі на планеце Зямля і ў нашым рэгіёне.

Вінцук Вячорка падкрэсліў, што трэба ўсведамляць небяспеку так званага „рускага міру”, які служыць ідэалагічнай падставай для аднаўлення расейскай імперыі. І небяспека гэта ўзрастае таму, што цяперашняя беларуская ўлада супрацьдзейнічаць гэтаму ўплыву не можа, – падкрэсліў Вячорка.

Таму ўсё больш патрыятычна настроеных грамадзянаў уседамляюць неабходнасць зноў вярнуць сабе лідарскія пазіцыі ў грамадстве, як гэта было ў першыя гады Незалежнасці. І асэнсаванне гэтай задачы з’яўляецца галоўным вынікам круглага сталу, – лічыць Вінцук Вячорка.

Беларускае Радыё Рацыя