Вінцук Вячорка: Расейская агрэсіўная прапаганда прыйшла ў Беларусь
У сталічным клубе «Дазары» прайшла тэматычная вечарына «Рускім быць модна», а на афішы пад мерапрыемствам пад назвай Russiannight былі намаляваны Пуцін, аўтамат Калашнікава, матрошкі і Крэмль. Чаму “рускія вечарыны” сталі нормай жыцця для Беларусі? Пра гэта распавядае грамадскі дзеяч, былы лідар Партыі БНФ Вінцук ВЯЧОРКА.
Вінцук Вячорка: Такое магчыма таму, што цяперашняя дзяржава, якая павінна бараніць нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь, гэтыя інтарэсы не бароніць. Ёсць пагроза для беларускай незалежнасці, і яна ідзе менавіта з Усходу. Аднак за ўсе дзесяцігоддзі панавання цяперашняй улады не было зроблена практычна нічога для ўмацавання незалежнасці. У заканадаўчым плане, інфармацыйным, культурным, у рэшце рэшт, моўным. Вось і прыйшоў час збіраць камяні.
Калі ўсходні сусед нарэшце выявіў сваю агрэсіўную фізіяномію, Беларусь аказалася безабароннай. У нас няма ніякага панцыра, які здолеў бы абараніць. А панцыр – гэта і законы, і надзейныя сілавыя структуры, якія адданыя нацыянальным інтарэсам, і родная мова, якая служыць прыкметай адрознення “свой-чужы”. І патрабаванне валодаць нацыянальнай мовай для ўсіх, хто мае дачыненне да працы з грамадзянамі. А наяўнасць на рэкламных афішах аўтаматаў наогул павінна быць прадметам расследвання пракуратуры, узбуджэння крымінальнай справы. Што гэта: распальванне вайны, агрэсіі? З чым гэта звязана? Усім жа вядома, што зараз робіць Расея ва Украіне. Яны хочуць перакінуць гэтыя агрэсіўныя настроі і ў Беларусь? Дзе пракуратура? Чаму яна маўчыць?
РР: І ў той жа час чалавека могуць забраць у пастарунак за тое, што той носіць украінскі сцяг…
Вінцук Вячорка: Не толькі за ўкраінскі, але і за беларускі нацыянальны – бел-чырвона-белы, якія быў дзяржаўным сцягам з 1991 па 1995 год. І вось зараз за свой жа сцяг беларусаў лупяць ды цягнуць у міліцыю, а расейскую агрэсіўную прапаганду з аўтаматамі Калашнікава ніхто не бачыць. Адбываецца нахабнае ўварванне расейскага імперыялізму ў Беларусь пры поўнай пасіўнасці (а можа і згодзе) цяперашняй улады.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота rest.ej.by