Вінцук Вячорка: Заявы Лукашэнкі не супакойваюць



Аляксандр Лукашэнка  падчас сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Георгіем Рапотам чарговы раз заявіў,  што Беларусь не збіраецца ўваходзіць у склад Расеі. “…Гэтага сёння рабіць наогул не трэба. Нават размаўляць на гэтую тэму. І Пуцін на гэтае пытанне адказваў. І я тым больш. Няма такой неабходнасці”, — сказаў Лукашэнка.

Па словах беларускага грамадскага дзеяча Вінцука Вячоркі, падобныя заявы не супакойваюць. Па яго меркаванні, небяспека для нашага суверэнітэту рэзка ўзрасла як раз с прыходам Аляксандра Лукашэнкі да ўлады:

– Усю сваю палітычную перспектыву ён грунтаваў на вяртанні Беларусі ў савецкі менталітэт і расейскую сферу ўплыву. І ў гэтым сэнсе колькі б не спрабаваў ён рукамі сваіх палітычных тэхнолагаў ствараць уражанне, што ён ёсць абаронцам суверэнітэту Беларусі, рэальнасць адваротная. Палітыка знішчэння гістарычнай памяці, палітыка адварочвання спінай да дэмакратычных каштоўнасцяў, якія яднаюць цывілізаваны свет, непазбежна піхае Беларусь у расейскую імперскую пашчу.

Крокі, якія робяцца гэтай уладай, робяцца непразрыста. Калі б усё адбывалася адкрыта, то грамадства мабілізоўвалася б на абарону незалежнасці. Але парадокс у тым, што актыўнага беларускага грамадства, якое только адно і здольнае адстаяць незалежнасць, Лукашэнка баіцца болей, чым імперскага рэжыму Пуціна. Гэты рэжым кіраўніку Беларусі ў пэўным сэнсе родны і ўцямны і перыядычна аказвае дапамогу. Пры гэтым метадычна скарачаючы павадок, на якім Крэмль трымае ўлады Беларусі, – лічыць Вінцук Вячорка. 

Беларускае Радыё Рацыя, Менск