Віталь Рымашэўскі: Беларускія хрысціянскія дэмакраты не спыняюць сваю працу



Усё кіраўніцтва партыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і многія яе сябры вымушаны былі пакінуць Беларусь. Адзін з сустаршынь партыі Павел Севярынец ужо два гады знаходзіцца за кратамі. З сённяшнім госцем, Віталём Рымашэўскім, карэспандэнт Радыё Рацыя пагаварыў пра дзейнасць партыі ў эміграцыі.

Віталь Рымашэўскі: Я вымушаны быў з’ехаць з Беларусі пад пагрозай крымінальнага пераследу ў пачатку восені мінулага году. Вельмі спадзяваўся, што шквал гэтых рэпрэсій неяк суцішыцца. Пасля рэферэндуму нарэшце адбесяцца тыя, якія сёння працягваюць катаваць беларускі народ. Але, на жаль, здарылася вайна ва Украіне, і мы бачым, што ў Беларусі каток рэпрэсій едзе далей, і новыя пагрозы з’яўляюцца. На жаль, амаль усе лідары Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, у тым ліку і рэгіянальныя лідары, вымушаны сёння знаходзіцца па-за межамі краіны. Але большасць сяброў, безумоўна, застаецца ўнутры краіны. І наперш нашая задача падтрымаць іх. Сёння ўведзеная крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Таму афіцыйна мы не маем права ад імя аргкамітэта Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ладзіць мерапрыемствы. За гэта людзі, якія знаходзяцца ўнутры краіны, могуць атрымаць крымінальныя тэрміны. Але, тым не менш, мы можам працаваць як беларускія хрысціянскія дэмакраты і ўнутры краіны, і за межамі. Што датычна працы ўнутры краіны, то, нягледзячы на гэты каток рэпрэсій, у студзені ў нас прайшла нацыянальная рада і было прынята рашэнне, што аргкамітэт працягвае сваю дзейнасць, што мы будзем зноў рыхтаваць дакументы на рэгістрацыю ў рамках беларускага заканадаўства. І ўсе нашыя іншыя ініцыятывы будуць ладзіцца сябрамі аргкамітэта. Мы так працавалі раней, нават да 2010 году. А па-за межамі Беларусі, і ў Польшчы, узнікла некалькі суполак эмігрантаў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, якія гуртуюць тых людзей, якія былі вымушаны з’ехаць, каб працягваць працу і ў эміграцыі. Гэта таксама важна. Я яшчэ таксама з’яўляюся сябрам Каардынацыйнай рады. І трэба сказаць, што беларускія хрысціянскія дэмакраты, безумоўна, унеслі значны ўнёсак у развіццё і Каардынацыйнай рады і супрацу з прафсаюзамі. Многія нашыя сябры сталі лідарамі прафсаюзнага руху. Таму нават у такіх складаных умовах мы працягваем сваю працу.

РР: У Варшаве была праведзеная акцыя салідарнасці з Паўлам Севярынцам. Спрычынілася варшаўская суполка вашай партыі. А таксама адбылася вечарына салідарнасці з Паўлам Севярынцам у Беларускім доме. Значыць, ваша партыя дзейнічае і за мяжой.

Віталь Рымашэўскі: Так, безумоўна. Я хачу сказаць, што хрысціянскія дэмакраты, як рух, не толькі дзейнічае, але і прырастае новымі людзьмі. Прыходзяць новыя маладыя людзі. Я перакананы, што неўзабаве партыя стане яшчэ мацней. Пасля таго як рэжым Лукашэнкі сыдзе, хрысціянскія дэмакраты абавязкова будуць у парламенце. Што датычна Паўла Севярынца, нягледзячы на тое, што ён сёння знаходзіцца за кратамі, для нас ён застаецца адным з такіх прыкладаў, як можна працягваць дзейнасць нават за кратамі.

Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя