Віталь Рымашэўскі: Будзем змагацца, каб перамагчы



Штаб  дэмакратычнай кааліцыі па вылучэнні адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары прадставіў у Менску стратэгію сваіх дзеянняў. Па словах сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, у падмурку гэтай стратэгіі – кампанія за перамены ў краіне. „Мы будзем змагацца, каб перамагчы, змяніць дзейсную ўладу і правесці палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя рэформы дзеля дабрабыту, дзеля бяспечнай будучыні кожнай беларускай сям’і,” – кажа Віталь Рымашэўскі.

– Мы прапануем не толькі персанальную альтэрнатыву Аляксандру Лукашэнку рыхтаваць, але рыхтаваць народную праграму для народнага кандыдата. Праз некалькі тыдняў праекты рэформаў па асноўных галінах – гэта і адукацыя, і пенсійная рэформа, і рэформа судовай сістэмы і іншыя важныя рэчы будуць выкладзеныя ў адкрыты доступ. Кожны грамадзянін Беларусі зможа далучыцца да гэтага абмеркавання.

Канчатковая прэзентацыя стратэгіі адбудзецца на Кангрэсе дэмакратычных сілаў, на якім будзе абраны адзіны кандыдат. Плануецца, што кангрэс адбудзецца 31 мая, – нагадаў Віталь Рымашэўскі.

Таксам палітык адзначыў, што ўдзельнікі дэмакратычнай кааліцыі вырашылі працягваць супрацу і пасля завяршэння прэзідэнцкай кампаніі.

– Гэта значыць, што ў выпадку фальсіфікацыі мы будзем праводзіць акцыі пратэсту, патрабаваць перавыбараў. У выпадку, калі ўлады адмовяцца ісці на перавыбары пры адбыўшыхся фальсіфікацыях, мы пакідаем за сабой права заклікаць да нацыянальнага страйку.

Таксама ў выпадку адмовы ў рэгістрацыі адзінага кандыдата  мы звернемся да нашых прыхільнікаў не падтрымліваць іншых кандыдатаў і будзем разглядаць магчымасць байкоту. Таксама пакідаем за сабой  гэта права і ў выпадку рэпрэсій супраць удзельнікаў выбарчай кампаніі, журналістаў, актывістаў, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота svaboda.org