Віталь Рымашэўскі: Дадзены загад закручваць гайкі
„Дадзены загад закручваць гайкі,” – так пракаментаваў затрыманні журналістаў і актывістаў у Гомелі сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. Палітык наведаў гомельскую акцыю з нагоды Міжнароднага дня ўсіх працоўных.
Па шляху ў абласны цэнтр Рымашэўскага пяць разоў спынялі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі.
– Спынялі па надуманых прычынах, нават адзін раз далі штраф за тое, што ехаў пра крайняй левай паласе на хуткаснай трасе. Першы раз такое бачу. Апошні раз нас затрымалі 500 метраў адсюль. Далей мы ўжо дабіраліся пешкі, бо чапляліся нават да драпінаў на аўтамабіле. Тое, што тут адбываецца, тое, што былі затрыманы тры актывісты, – гэта панічны страх перад любымі пратэстамі.
Напярэдадні і пасля акцыі ў Гомелі былі затрыманыя восем чалавек. А блогера Максіма Філіповіча міліцыянты заблакавалі ў кватэры, не дазволіўшы патрапіць на мерапрыемства.
Беларускае Радыё Рацыя