Віталь Рымашэўскі: Дэбаты з маім удзелам могуць не трапіць у эфір



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі распавёў, як прайшоў на тэлебачанні запіс яго дэбатаў з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ігарам Марзалюком.

Віталь Рымашэўскі: Я прымаў удзел у дэбатах у якасці даверанай асобы кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алега Аксёнава, які з’яўляецца сябрам БХД. Той захварэў і фізічна не мог прысутнічаць у студыі магілёўскага тэлебачання.

У выніку дэбатаваць з дзеючым дэпутатам Марзалюком, які спрабуе патрапіць у парламент ізноў, давялося мне і, мяркую, што гэтыя дэбаты ў эфір наогул могуць не патрапіць.

РР: Чаму так думаеце?

Віталь Рымашэўскі: Таму што Марзалюк быў вельмі ўзрушаны маім выступленнем і, мабыць, нават пакрыўдзіўся. Я яму нават ад імя выбаршчыкаў насоўку падарыў слёзы выціраць, бо ў красавіку Марзалюк плакаў падчас выступлення Лукашэнкі ў парламенце. На мой погляд, дэпутат за час сваёй працы больш гэтым запомніўся, чым сваімі справамі.

Адным словам, пасля дэбатаў Ігар Марзалюк быў раз’юшаны, ён абураўся маім падарункам і, паколькі ён праўладны кандыдат, то не выключаю, што дэбаты могуць не патрапіць у эфір. Хаця вядучыя сказалі, што як быццам усё прайшло досыць карэктна, ніякіх парушэнняў яны не бачаць.

РР: Якія тэмы закраналі падчас дэбатаў?

Віталь Рымашэўскі: Я казаў пра несправядлівасць нашай сацыяльнай і дзяржаўнай сістэмы, пра тое, як насамрэч жывуць людзі ў Магілёве, і што праўладныя дэпутаты робяць для таго, каб гэтае жыццё змянялася ў лепшы бок.

Мае апаненты ў сваю чаргу апелявалі да таго, чаму прадстаўнік БХД Алег Аксянюк вылучыўся ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, іх цікавілі даходы кандыдата. Адным словам, з нейкай канкрэтыкі пераходзілі на асобу.

Таму пабачым, ці ўбачым мы дэбаты ў эфіры, і калі пабачым, то ў якім выглядзе. Паказаць іх павінны 4 лістапада ў 19.15 на тэлеканале Беларусь 3 у Магілёўскім рэгіёне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя