Віталь Рымашэўскі: Колькасць захварэлых замоўчваецца ўладамі
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі запатрабаваў ад уладаў Беларусі ўвесці каранцін у навучальных установах, татальны кантроль на каронавірус на мяжы ды абмежаваць авіязлучэнні з эпіцэнтрамі захворвання.
“Эпідэмія каронавірусу набірае моц па ўсім свеце. Аднак, нягледзечы на гучныя заявы, улады Беларусі не прымаюць нават элементарных мераў , каб зменшыць эпідэмію. Нават улады РФ робяць болей для абароны людзей, чым беларускія. Калі іншыя краіны спыняюць авіязлучэнні, дык, насуперак афіцыйным заявам, належны кантроль ў беларускіх аэрапартах адсутнічае. Да прыкладу, у аэрапорце правяралі толькі людзей, якія прыляталі з Італіі наўпроставымі рэйсамі. Беларусы, што прыляцелі з Італіі праз перасадкі, самі доўга дабіваліся, каб у іх узялі аналіз ў аэрапорце”, – адзначыў ён.
“У еўрапейскіх краінах абвяшчаецца каранцін у навучальных установах, а ў Беларусі, нават калі хварэюць студэнты, ВНУ працягвае працу… Колькасць захварэлых замоўчваецца ўладамі. Інфармацыю пра новыя выпадкі часцяком пацвярджаюць толькі пасля, таго, як яна з’явіцца ў сацсетках. Неабходна неадкладна ўвесці каранцін у навучальных установах, татальны кантроль на каронавірус на мяжы, абмежаваць авіязлучэнні з эпіцэнтрамі захворвання. Трэба прыняць захады, якія ўжо ўвялі цывілізаваныя краіны свету, каб абмежаваць эпідэмію, бо пазбегнуць яе не зможа не адна краіна свету – гэта відавочна”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
Таксама палітык заклікаў адмовіцца ад святкавання Дня Волі ў фармаце мітынгу-канцэрту 22 сакавіка дзеля бяспекі для здароўя людзей.