Віталь Рымашэўскі: Легітымізацыя Лукашэнкі не ўмацуе незалежнасць Беларусі



У менскай сядзібе Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі адбылася дыскусія на тэму дзеянняў апазіцыі на бліжэйшы час. Асаблівую ўвагу надалі важнасці недапушчэння легітымізацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Zavalnia_Rymaseuski

Сустаршыня “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Віталь Рымашэўскі зазначыў, што прызнанне міжнароднай супольнасцю Лукашэнкі ў якасці легітымнага прэзідэнта зруйнуе незалежнасць Беларусі:

– На фоне украінскіх падзеяў ёсць спакуса і повад для прызнання ўлады, яе легітымізацыі, як унутры краіны, так і звонку. Але гэта не ўмацуе незалежнасць Беларусі, а толькі яе зруйнуе. Ужо нельга будзе паставіць пад сумніў тыя подпісы, пад тымі дакументамі, якія, па сутнасці, здаюць нашу незалежнасць. Гэта і вайсковыя хаўрусы і палітычныя, якія будуць прызнаныя міжнароднай супольнасцю і, у прынцыпе, прызнаныя ў беларускім грамадстве.

Таксама Віталь Рымашэўскі адзначыў, што хоць БХД не вылучае свайго кандыдата на прэзідэнцкія выбары, партыя будзе супрацоўнічаць з іншымі прэтэндэнтамі ў прэзідэнты, блізкімі па поглядах, у прыватнасці, з Анатолем Лябедзькам.

 Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя