Віталь Рымашэўскі: Лічу, што гэта правакацыя



Беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы з дэмакратычнай кааліцыі патрабуюць ад уладаў вызваліць журналіста, рэдактара інтэрнэт выдання «Ежедневник» Сяргея Сацука. Супраць Сацука была заведзеная крымінальная справа за атрыманне хабару нібыта за заказную публікацыю аб карупцыі ў Міністэрстве аховы здароў’я.

Па словах сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, затрыманне Сяргея Сацука – гэта абсалютна недапушчальная і абуральная зʼява. Фактычна паўтарылася сітуацыя з так званай справай „Белта”, калі 15 журналістаў з некалькіх СМІ, у асноўным незалежных, кінулі за краты:

– Я лічу, што гэта правакацыя, я заклікаю ўлады неадкладна адпусціць Сяргея. Як мінімум пад падпіску аб нявыездзе яго можна было б адпусціць. Ніякіх падстаў хапаць яго на вуліцы пры хворай жонцы, кідаць за краты без суда і следства абсалютна няма. І я перакананы, што гэта помста за яго журналісцкія расследаванні. Пра тое, што ён пісаў праўду пра карупцыю, якая «крышуецца» на самым высокім узроўні. І, як кажа Сяргей Сацук, «крышуецца» дзейснымі генераламі сілавых структур. За тое, што ён пачаў пісаць праўду пра каронавірус.

Віталь Рымашэўскі нагадаў, што 23 сакавіка, за 2 дні да затрымання Сяргея Сацука, выйшаў яго артыкул аб тым, што ўлады хаваюць сапраўдную статыстыку аб распаўсюдзе гэтай хваробы ў Беларусі. Вось за гэта яму і адпомсцілі. І такім чынам, праз запалохванне, улады спрабуюць заткнуць рот і іншым журналістам, – лічыць Віталь Рымашэўскі.

Беларускае Радыё Рацыя