Віталь Рымашэўскі: Магілы тых, хто вызваляў Менск, – у занядбанні



Беларускія хрысціянскія дэмакраты сённяшні дзень праводзяць у Курапатах, парадкуючы магілы бязвінна расстраляных таталітарнымі рэжымамі 20-га стагодздзя. Праз Курапаты прайшло некалькі сотняў людзей. „Сёння Дзень памяці герояў, магілы якіх забытыя,” – кажа сустаршыня хрысьціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі:

Асабліва цынічнымі з’яўляюцца святкаванні ўгодкаў, звязаных з Другой сусветнай вайной, з вызваленнем Беларусі. Цынічнымі, таму што мільёны даляраў аддаюцца на салюты, на тое, каб танкі псавалі сваімі тракамі асфальт. І ў той жа час магілы не толькі нявінна расстраляных людзей энкавэдыстамі на Курапатах, але і расстраляных фашыстамі мірных жыхароў, а таксама магілы савецкіх вайскоўцаў – яны знаходзяцца ў занядбанні.

Беларускія хрысціянскія дэмакраты заклікаюць усіх неабыякавых людзей ушанаваць памяць тых, хто змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, бо сёння не свята незалежнасці, а вызваленне Менска з-пад нямецкай акупацыі.

Цэнтральнай падзеяй афіцыйных святкаванняў стане ваенны парад і тэатралізаванае шоу, якія пройдуць увечары ля абеліска „Менск – горад-герой”.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя